Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Праўда жыцця

   Зыходная пазіцыя праўды і дабрыні заўсёды дапаможа пісьменніку знайсці, паказаць і сцвердзіць у творы глыбокую праўду жыцця. Такая пазіцыя вельмі выразна адчуваецца ў Мележавых раманах.
   Палессе – адзін з самых глухіх куткоў Беларусі. Увесну і ўвосень па некалькі месяцаў вёска адрэзана ад вялікага свету. Жыццё тут ідзе па спрадвеку ўсталяваных законах. Людзі жывуць, як жылі іх бацькі, дзяды, прадзеды і прапрадзеды. Здабываюць хлеб, працуюць, смуткуюць і радуюцца, пяюць песні і плачуць, нараджаюць дзяцей і хаваюць памерлых. Людзі жывуць, таму што яны народжаны жыць.
   Эпічна спакойны, шырокі і павольны пачатак рамана "Людзі на балоце". Пісьменнік як быццам нічога не хоча прапусціць, хоча прадмет, з’яву паказаць з розных бакоў, у розны час, у рознай якасці.
   Далей, калі Мележ пераходзіць ад больш агульнага, шырокага і аб’ектыўнага паказу жыцця палескай вёскі да канкрэтнага ўзнаўлення той рэчаіснасці, якую ён цяпер успрымае і адчувае, апавяданне становіцца больш эмацыянальна насычаным. Малюнак набывае паэтычнасць, шчымлівую замілаванасць. Мележ нібы зверху глядзіць на куток, адкуль пачынаецца гэтая задушэўная песня, сацыяльная і псіхалагічная драма, шырокая эпічная карціна побыту, нораваў і звычаяў свайго часу, глыбокі роздум пра найважнейшыя праблемы сучаснасці, пра месца чалавека ў грамадстве. Пісьменнік як бы паступова набліжаецца Да зямлі, ужо не проста апісвае, канстатуе, паведамляе, а пачынае маляваць, захапляцца тым, што бачыць. Зрок схоплівае не ўсю карціну, а разбягаецца, спыняецца на асобных яе дэталях, падае іх выразна, усхвалявана. Слых таксама пачынае ўлоўліваць найбольш характэрныя праявы жыцця, найбольш каларытныя і яркія падрабязнасці. Усё знаходзіць водгук у сэрцы, выклікае эмоцыі, паэтычныя і свежыя, чыстыя і прыгожыя.
   Як бы выпадкова пісьменнік заўважае чарнявую дзяўчыну, што, выгнаўшы карову, ідзе па ваду да калодзежа. Бачыць іншых людзей, спыняе сваю ўвагу на хлопцу з заспанымі вачыма, калматай чупрынай, упартымі вуснамі.
   Пачынаецца звычайны дзень у вёсцы – пачынаецца хроніка. Паступова бытавая, штодзённая плынь набывае глыбіню, паўнаводнасць. Жыццё цячэ шырокай плынню, не губляючы і далей першапачатковай натуральнасці, канкрэтнасці і паэтычнасці.
   Паўната ахопу жыцця абумоўлена ўвядзеннем мноства персанажаў, арганічнасцю іх узаемаадносін у гэтым своеасаблівым мастацкім свеце. I жыццё, і чалавека Мележ бачыць як жывы арганізм, у якога свой рух, свой кірунак, свая прыгажосць і мэта.
   Характэрная рыса "Палескай хронікі" – ураўнаважанасць умоў і характараў, жыцця грамадскага і асабістага, свету знешняга і ўнутранага. Жыццё ўзнаўляецца ў той паўнаце, дзе матэрыяльны свет і свет духоўны, прырода і чалавек адзіныя, Уражанне паўнаты і цэласнасці ва ўзнаўленні рэчаіснасці абумоўлена яшчэ і тым, што Мележу ўдалося па-мастацку сінтэзаваць аб’ектыўнае адлюстраванне рэчаіснасці з яе суб’ектыўным успрыманнем і асэнсаваннем персанажамі. Персанажы, за выключэннем хіба што аднаго Апейкі, не звязаны з якойсьці адной сферай дзейнасці, як гэта часта бывала ў ранейшых творах пісьменніка, а натуральна, арганічна ўваходзяць у вялікі свет грамадска-сацыяльных канфліктаў. Час, насычаны грандыёзнымі зменамі ў грамадстве, уцягваў кожнага чалавека | ў сваю арбіту, прымушаў яго не толькі працаваць, але і вырашаць важныя пытанні сацыяльнага і палітычнага характару.
(451 слова)

Паводле С. Андраюка.

Похожие статьи:

Іван МележВасіль Дзяцел і Ганна Чарнушка як мастацкія тыпы ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"

Іван МележБеларуская вёска ў часы калектывізацыі ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"

Іван МележІван Мележ - Спатканне за горадам

Іван МележПалеская хроніка. Людзі на балоце. Частка першая

Іван МележІван Мележ - Здарэнне