Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Прадвесне

   Канец лютага і пачатак сакавіка падобныя. Розніца ў тым, што сакавіцкая казка прыроды – ярка-блакітная. У пачатку сакавіка мароз-мастак кладзе ўначы на шыбы дзівосныя малюнкі, кожную ноч – іншыя. Але раніцай, ледзь прабяжыць па шкле сонечны праменьчык, ціхімі празрыстымі слязамі яны аплываюць. У гэты час, пры сонцы, снег зіхаціць так, што на яго нельга глядзець. Сонца пранізвае лютаўскія гурбы. Калі стаць блізка і прыслухацца, пачуеш, як патроху асядае, знікае гурба. Пад вечар яе ўжо не пазнаць. На вуліцы пачарнелі кожная саломіна, кожная трэсачка, кожны сухі дубчык.
   Як званочак, звініць пад акном на кусце тоненькі галасок сінічкі: "Пінь, пінь, пінь!" Гэта яшчэ слабенькі галасок вясны. Галоўныя спевакі недзе ў дарозе, спяшаюцца дамоў з выраю. Ужо чырванню загарэліся галіны прысадаў ля шашы. Ужо ўпотай ад усіх на ўскрайку лесу выпусціў свае завушніцы арэшнік. Толькі крані галінку, як павісне ў паветры воблачка залатога пылку.
   Змены прыроды ў сакавіку такія хуткія, што нават не паспяваеш іх угледзець.
   А ноччу зноў прыходзіць люты.
   Сонечным ранкам аднекуль з-за плота ўздымаецца варона, садзіцца на бярозу. Нейкі час круціць галавой, каб разгледзець усё навокал. Сядзіць ціха, нават урачыста, затым выцягвае шыю, нібы глытаючы нешта, растапырвае крылы, каркае, прыслухоўваецца, потым зноў падае голас. Ёй, відаць, здаецца, што атрымалася прыгожа, яна так разамлела, што пахіснулася на галіне ды і паляцела ўніз. Замахала крыламі, зноў забралася на сук, глянула туды-сюды, ці не бачыў хто яе сораму. Прыкмеціла пярэстага ката на сцежцы каля плота, крыкнула на яго пагрозліва, потым узнялася і паляцела шукаць сябровак. Няхітрая, сціплая вароніна песня – таксама прывітанне сакавіку.
   Да самага ранку на дварэ ладзяць свой кірмаш вераб’і. Не падзялілі яны мяккае курынае пяро. Гучна чырыкаючы, ганяюць таго, хто ўхапіў гэтую каштоўнасць. Кінуўся да іх той самы пярэсты, з зялёнымі вачыма кот. Вераб’і ўзляцелі і паселі на бэз. Гэта, відаць, сакавік вінаваты: затлуміў вераб’іныя галовы.
   А над пагоркам звініць званочак жаўранка. Прыляцелі і круцяцца ў паветры кнігаўкі. Недзе тут, побач, будуць іхнія гнёзды, але птушкі абараняюць месца ўжо сёння.
   Ціхай цёплай ноччу пырскае рэдкі дожджык. Пад яго шумок на гразкае яшчэ бульбянішча садзяцца дзікія гусі. Калі развіднее, будзе відаць, што не памыліўся гусіны важак: на полі сярод каменьчыкаў, адмытыя снегавой вадой і дожджыкам, трапляюцца леташнія перамёрзлыя салодкія бульбіны. Падарожнікам яшчэ далёка да роднай тундры. Амаль месяц яны будуць гасцяваць на беларускай зямлі.
   Ужо гамоняць птушынымі галасамі бязлістыя бярозавыя гаі. Кожную раніцу вітае сяброў чорна-сіні, з чырвонымі брывамі цецярук.
   У вялікім горадзе таксама адчуваецца радасны подых сакавіка. На цэлы дзень хапае чалавеку добрага настрою, на сэрцы лёгка і светла, нібы ў свята. Гэта калі ранкам упершыню пасля доўгай зімы хто-небудзь убачыць ля шпакоўні вясёлага, жвавага шпака. Нават самы заняты і сур’ёзны чалавек спыніцца, І паглядзіць, паслухае.
   Ідуць, спяшаюцца людзі, а нехта стане, прыслухаецца, гляне ў блакіт неба, знойдзе там, высока-высока, клін журавоў. I слухае, як плывуць адтуль такія родныя птушыныя галасы. I гатовы сказаць незнаёмаму з прыемнай усмешкай, як свайму: "Бач, браток, прыляцелі, вярнуліся дарагія нашы!"
(473 словы)

Паводле В. Ціхановіча.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыКастрычнік

Пераказы, дыктантыЛіпень

Пераказы, дыктантыВаяўнічыя бабры

Пераказы, дыктантыБелая студзеньская казка

Пераказы, дыктантыЗвяркі-перасяленцы