Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Полацк

   Полацк адзін з самых старажытных гарадоў усходніх славян. Упершыню горад упамінаецца на летапісных старонках у 862 годзе, а першым вядомым па летапісных звестках князем быў Рагвалод. Горад заснаваны крывічамі. З IX стагоддзя ён размяшчаецца на правым беразе ракі Палаты, назва якой дала назву гораду.
   Станаўленне, развіццё і росквіт Полацка звязаны з многімі слыннымі імёнамі, назаўжды ўпісанымі ў гісторыю гэтых земляў. Тут княжыў Ізяслаў, які і стаў родапачынальнікам дынастыі полацкіх князёў. Адзін з іх праславіўся тым, што значна пашырыў межы Полацкага княства, далучыўшы землі між Заходняй Дзвіной і Дзісной. З часам Полацкае княства дасягнула найвышэйшага росквіту. Тады быў пабудаваны і адзін з самых першых храмаў Старажытнай Русі – велічны Сафійскі сабор. Унучка князя Ефрасіння Полацкая, першая жанчына, кананізаваная Рускай праваслаўнай царквой, здзейсніла тут свой духоўны подзвіг як асветніца і прапаведніца хрысціянскіх каштоўнасцей. Яна стала заснавальніцай Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку.
   З Полацка паходзіць беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, вучоны і асветнік Францыск Скарына, культурная спадчына якога мае сусветнае значэнне. Ён нарадзіўся ў сям і купца Лукі Скарыны, першапачатковую адукацыю атрымаў у родным горадзе. Скарына пракаменціраваў і надрукаваў дваццаць тры кнігі Бібліі. У шматлікіх выданнях вучоны ўпамінае Полацк – сваю малую радзіму.
   Лёс старажытнага Полацка падобны да лёсу большасці буйных беларускіх гарадоў таго часу. За яго змагаліся, спрабавалі захапіць ці ўзяць у аблогу. У гісторыі горада знайшлі адлюстраванне і падзеі Паўночнай вайны. Адсюль войскі Пятра Першага сачылі за рухам войскаў шведскага генерала. Каб не пакідаць ворагу добра ўмацаваны цэнтр, Пётр Першы загадаў знішчыць Полацкі замак. Аднак, прайшоўшы праз безліч выпрабаванняў, Полацк здолеў захаваць адметнае значэнне не толькі для беларускіх, але і для літоўскіх і славянскіх земляў. З XV стагоддзя ён лічыцца адным з самых галоўных гарадоў Вялікага Княства Літоўскага, атрымлівае магдэбургскае права. У свой час горад быў сталіцай Полацкага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, пазней – сталіцай ваяводства Рэчы Паспалітай.
   У XVI стагоддзі Полацк – буйны еўрапейскі горад. I толькі войны наступных часоў, чума, голад і пажары прывялі горад да больш дробнага рангу.
   Полацк – радзіма выдатных гістарычных дзеячаў, асветнікаў і мецэнатаў. Сярод тых, хто стварае сённяшнюю слану гораду, ёсць і нашы сучаснікі – пісьменнікі, мастакі і вучоныя
   Полацк першым з гарадоў Беларусі прымаў Дні беларускага пісьменства. А яшчэ праз дзесяць гадоў горад зноў стаў сталіцай свята. Тут адбываліся навукова-практычная канферэнцыя "Полацкія чытанні", шматлікія творчыя сустрэчы, прэзентацыі, канцэрты і выставы.
   У 2003 годзе ў Полацку адкрыўся адзіны ў свеце помнік літары "Ў", якая існуе толькі ў адной мове свету – беларускай. Ідэя ўвекавечыць унікальную літару была адобрана на пасяджэнні рэспубліканскага аргкамітэта. Эскізны праект распрацаваў вядомы беларускі мастак Ігар Куржалаў. Помнік праславіў літару, што стала сімвалам самабытнасці беларускай мовы, якая заўсёды была і застаецца асновай духоўнасці беларускай нацыі.
   Славутыя імёны і важныя культурныя падзеі, што праходзяць у Полацку, дораць нам яшчэ адну магчымасць асэнсаваць мінулае, адчуць веліч роднай зямлі і прыгажосць роднай мовы.
(450 слоў)

Паводле А. Клешчука.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыСкрозь стагоддзі

Пераказы, дыктантыБацька гарадоў беларускіх

Пераказы, дыктантыРадзіма душы

Пераказы, дыктантыПолацкая зямля

Пераказы, дыктантыМы родам адсюль