Быў ясны летні дзень. Сонца стаяла высока над зямлёю. Капітан Мікалай Гастэла прымаў удзел у вялікім паветраным баі. Ён ляцеў першым, на чале сваёй эскадрыллі. Як заўсёды, упэўнена вёў ён свой баявы самалёт.
Недалёка ад лініі фронту гарэла падпаленая фашыстамі вёска. У полі, на агародах, каля сажалкі і ў садах – усюды вайна несла людзям смерць.
Бой зацягнуўся. Сярод залацістых палёў і зялёных садоў вузкаю стужкай слаўся ўнізе гасцінец. Па ім рухалася калона нямецкіх машын з пяхотай, цыстэрны з бензінам. У адным месцы згрудзіліся варожыя танкі і грузавікі. Рух на дарозе спыніўся. Сюды і накіраваў сваю машыну Гастэла. Вось ён зрабіў разварот і пачаў зніжацца. Але ў гэты момант снарад варожай зеніткі трапіў у бензінавы бак самалёта.
Машыну ахапіў агонь. Твар апаліла полымя. Што рабіць? Выратаваць самалёт нельга. Тады Мікалай Гастэла цвёрдай рукой накіраваў свой самалёт уніз – туды, дзе спынілася ў беспарадку калона фашыстаў. У самую гушчу вялікага скопішча танкаў, аўтамашын, зенітак і цыстэрнаў з бензінам упаў яго палаючы самалёт.
Страшэнны выбух скалыхнуў паветра. Высока ўзняўся слуп зямлі, жалеза і дыму. Нямецкія танкі, машыны з салдатамі ўзляцелі ўгару. Потым ускінулася да неба і ахапіла ўсё навокал вялізнае полымя пажару.
Так загінуў у агні Мікалай Гастэла. Сын беларускага народа, першы Герой Вялікай Айчыннай вайны, бясстрашны лётчык і патрыёт. Адважнаму герою стаіць помнік у Мінску. У многіх гарадах названы вуліцы яго іменем.
Паводле В. Вольскага
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Вогненны лётчык