Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Плюсы і мінусы інтэрнэта

   Сёння, калі тэмп жыцця амаль што не пакідае чалавеку вольнага часу, паўстае пытанне: як жа не згубіцца ў шэрых буднях і не застацца адзінокім? Знаёмства на вуліцах, на жаль, справа неактуальная. Але не трэба сумаваць з гэтай нагоды: XXI стагоддзе падарыла нам новыя прасторы для зносін. Адна з самых прывабных магчымасцей – інтэрнэт з яго сацыяльнымі сеткамі, якія паспяхова выконваюць задачу па аб’яднанні людзей.
   Усё пачалося ў 1995 годзе, калі ў ЗША быў створаны спецыяльны партал. Ён прапаноўваў карыстальнікам знайсці з дапамогай інтэрнэта старых школьных сяброў. Праект аказаўся вельмі паспяховым. У наступныя гады з’явіліся дзясяткі аналагічных паслуг. Але афіцыйным пачаткам дзейнасці сацыяльных сетак лічыцца 2003 год. Менавіта тады з’явіліся на свет самыя масавыя ў Еўропе і Злучаных Штатах Амерыкі сайты. Яны не толькі прапаноўвалі пошук школьных сяброў, але і падтрымлівалі адну з самых прываблівых ідэй – абменьвацца меркаваннямі пра жыццё, фатаграфіямі, аўдыя і відэафайламі. Кола сяброў, набытых карыстальнікамі, не абмяжоўвалася былымі аднакласнікамі.
   Усё, што патрэбна чалавеку, каб далучыцца да сацыяльнай сеткі, гэта камп’ютар з доступам да інтэрнэта і жаданне. Спачатку, каб зарэгістравацца, вам прапануюць запоўніць невялікую анкету, дзе патрэбна ўказаць пэўныя звесткі пра сябе, напрыклад, імя, узрост, навучальную ўстанову, якую вы скончылі ці ў якой вучыцеся. Гэтага звычайна дастаткова, каб далучыцца да сеткі.
   Сайты, змагаючыся за папулярнасць, прапануюць сваім карыстальнікам шматлікія гульні, магчымасці для захавання і распаўсюджвання любых матэрыялаў (фотаальбомаў, гуказапісаў). Можна знаёміць сяброў з вынікамі сваёй прафесійнай або творчай дзейнасці, удзельнічаць у групах, створаных на падставе агульных інтарэсаў. Часам проста прыемна «спаткаць» людзей, якія нейкім чынам зніклі з вашага жыцця, з якімі вы раней разам адпачывалі ці вучыліся, даведацца пра навіны, запрасіць на сустрэчу. Сацыяльныя сеткі дазваляюць адносна лёгка заводзіць новыя цікавыя знаёмствы. I гэта важна для сціплых або занятых людзей. Аднак у гэтай прагрэсіўнай з’явы ёсць свой негатыўны бок. Так, псіхолагі папярэджваюць: празмернае захапленне сацыяльнымі сеткамі ў інтэрнэце скарачае жывыя зносіны з людзьмі. Гэта можа дрэнна адбіцца на псіхалагічным здароўі карыстальнікаў.
   Эксперты-сацыёлагі дадаюць, што злоўжыванне электроннымі зносінамі перашкаджае заводзіць рэальныя, міжасобасныя зносіны, якія і фарміруюць грамадзяніна. Акрамя таго, сацыяльныя сеткі ствараюць падманлівае ўражанне, нібы сяброўства лёгка заваяваць.
   Паводле сцвярджэння псіхолагаў, у маладога пакалення, якому невядомы свет без інтэрнэта, можа развіцца небяспечны погляд на жыццё. Рэальнае жыццё пачынае здавацца юнакам і дзяўчатам занадта маркотным.
   Сайты небяспечныя рызыкай выклікаць у людзей пэўную залежнасць – патрэбу кожны дзень па некалькі гадзін праводзіць у інтэрнэце. Вызначыць такую залежнасць вельмі проста. Дастаткова прыгадаць, калі апошні раз вы выбіраліся на сустрэчу з сябрамі, займаліся спортам ці чыталі кнігу. Калі тэрмін не большы за месяц – нагоды хвалявацца няма. А вось калі большы – трэба як мага хутчэй прымаць меры.
   Якія меры? Па-першае, абмежаваць час, які вы праводзіце за камп’ютарам (рабіць гэта варта паступова, скарачаючы час на некалькі хвілін, але кожны дзень). Па-другое, сур’ёзна прааналізаваць, што менавіта прыцягвае вас да сеткі: цікавыя кантакты, магчымасць самавыявіцца, праверыць свае творчыя здольнасці або проста спакуса бавіць час за лёгкай, беззмястоўнай гутаркай. Па-трэцяе, успомніць пра сваё здароўе.
   Адным словам, якой бы прывабнай ні здавалася нам віртуальнасць, жывём мы ўсё ж у рэальным свеце, які нельга падмяніць нават самымі цікавымі інтэрнэт-прасторамі. Сацыяльныя камп’ютарныя сеткі павінны стымуляваць, а не падмяняць сабою жывыя чалавечыя адносіны. Калі не ленавацца і ўважліва паглядзець навокал, заўсёды можна адшукаць цікавых людзей, якія не супраць сябраваць, дзяліцца сапраўднымі эмоцыямі і цеплынёй.
(533 словы)

Паводле К. Хадаровіч.

Похожие статьи:

ПераказыЯк з’явіўся інтэрнэт?

ПераказыГлабальная інфармацыйная сетка