Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Першыя ўрокі
У Пуцілкавічах забавак для дзяцей было шмат. На Ушачцы, дзе плаціна ўтварала азярцо, стаяла прысадзістая будыніна. У ёй нешта сярдзіта раўло, а пры сцяне вада круціла вялікае кола, аж дрыжалі сцены.
Тут жа каля панскага млына і на блізкіх азёрах жыравала рознае птаства, вяліся бабры і выдры. Кругом на лузе ўсё квітнела, спелі парэчкі, весела зумкалі пчолы і чмялі.
Зімою было горш. Вялікія снягі і лютыя маразы трымалі Пецю ў хаце. На дварэ холадна, а кажух апрануў старэйшы брат Андрэй, які паехаў з бацькам у лес. Прыходзіцца сядзець з меншымі братамі і сёстрамі на палацях. А так хочацца хлопчыку збегаць у садок, паглядзець, дзе ноччу тупалі зайцы і ці падкрадаўся да хлевушка воўк. Няхай толькі маці адхіліцца куды з хаты, Пеця – скок з печы, босы выбежыць на двор, каўзанецца пару разоў па лёдзе і ходу на печ.
Маленькая старая хатка неяк адразу ажывала, калі паказвалася на парозе бабка Тэкля. Яна прыходзіла памагаць сваёй дачцэ Алене ўходжвацца з гаспадаркай і дзецьмі: сямейка, дзякаваць Богу, расла і расла.
Бабка прыносіла гасцінцы ўнукам: то арэхі, то гарбузікі, то некалькі макавак. Яшчэ больш, чым гасцінцы, любілі ўнукі слухаць бабуліны казкі. Сядзе яна, бывала, з кудзеляю, прыжмурыць левае вока, схіліць галаву набок і пачне... Апавядае казку бабка не спяшаючыся, мяняе голас, а нітка прадзецца і прадзецца.
Іншы раз прыходзіў дзед Мікіпар Сыс. У святочныя дні ён апранаў салдацкую шапку, на гімнасцёрцы ў яго зіхацеў медаль, атрыманы ад самога генерала Скобелева. Стары ваяка ўдзельнічаў у турэцкай вайне, штурмаваў Плеўну, прайшоў пехатою ўсю Балгарыю і Расію, пабачыў белы свет і меў што расказаць.
У хаце Юстына Броўкі, калі заходзіў дзед Мікіпар, збіраліся аднавяскоўцы і пачыналася бясконцая гаворка пра тое, як жывуць людзі на свеце.
Дзедавы гутаркі былі першымі ўрокамі геаграфіі, яны ўводзілі ў незнаёмы свет, пашыралі далягляды, прывівалі любоў да роднага краю. Пра што ні расказваў бы Мікіпар, ён заўсёды сцвярджаў:
– Дзе я толькі не быў, якія мясціны не прайшоў! Землі там тлустыя, як масла. Не раўня нашаму жоўценькаму пясочку. На тых землях растуць вінаграднікі і райскія сады, як у тым Святым пісанні. Цяпло. Лічы, зімы і не бывае. Горы такія велічныя, рэкі сцюдзёныя. А ўспомню свае Пуцілкавічы, і сэрца рвецца дахаты, што расказаць цяжка. Ноччу маці сніцца, на начлег нібыта з хлопцамі еду... Як ні кажы – у гасцях добра, а дома лепш. Тут усё сваё, такое блізкае і дарагое...
(384 словы)
Паводле А. Александровіч.
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Шчыры патрыёт роднай зямлі
Пераказы, дыктанты → Пуцявіны песняра
Пераказы, дыктанты → Дзядзькава казка