Шматлікія астравы. Поплаў з лазовымі кустамі. А там, дзе бераг вышэйшы, пачынаецца вялізны, дзікі, непраходны лес. Але гэта так здаецца толькі на першы погляд. Калі прыгледзецца лепш, то можна заўважыць там-сям шырокія і зусім вузенькія сцежкі і сцяжынкі. Па вузкіх сцяжынках палахліва прабіраюцца дробныя звяры, па сцежках ходзяць звяры большыя.
Паміж высокім берагам і вадой шырокая стужка белага пяску. Толькі спала навальнічная паводка, таму пясок ляжыць роўна, як прыгладжаны. Але, хоць яшчэ раніца, тут ужо наслядзілі. Ланцужкамі звіваюцца сляды птушак, накапычана каля мелкаводдзя аленямі, а воддаль пралягла глыбокая разора ад вялізных капытоў – прыходзіў напіцца насарог. Якіх тут толькі слядоў няма! Калі прайсці крокаў дзвесце паўз бераг, можна было б знайсці такія «аўтографы» ўсяго ляснога жыхарства.
А дзе ж тая сцежка, па якой ходзіць чалавек? Яна яшчэ не пракладзена, таму што чалавека ў наваколлі яшчэ не было.
(136 слоў)
Паводле М. Чарняўскага
Похожие статьи:
Пераказы → Сляды на снезе