Вясна бралася за работу неўзаметку, але заложна. Праўда, зранку ёй было пад сілу зрабіць нясмелы, невялічкі крок – дзынкнуць кропляю са страхі дзе-небудзь у зацішку, на ўгрэве. Затое за дзень яна ўпраўлялася выбегчы на ўсе пагоркі і распароць промнямі снегавыя шапкі на іх, а пад вечар, напрацаваўшыся, ступала павольна і шырока, несучы ў разводдзе палявых ручаін негарачае сонца.
Адразу пасвяжэла ігліца на хвоях, павылузваў з цёплых пазух каткі вербалоз, цьмяным перламутрам пачалі адсвечваць кусты арэшніку; пупышкі на ім крыху раздаліся і неўзабаве выпусцілі малінавыя зорачкі цвету.
Гулка забубнілі па зямлі раптоўныя ліўні. Яны то аціхалі, то наляталі зноў і ўсё абмылі, усё падчысцілі, сагналі мутнымі пераваламі з двароў і палеткаў бруд, трэскі, салому – усё, што там заставалася пасля неахайнай работы вятроў і туманоў – старых дворнікаў вясны.
Далей усё пайшло прызвычаеным парадкам. У гаі неўпрыкмет пацямнела: сюды апусцілася стая гракоў. Яны пачалі перагаворвацца, быццам раіліся, як лепей пачаць работу. Тады адзін, найбольш маўклівы, самы, відаць, паважаны ў іх надзвычай шумным тлуме, пераляцеў на маладую бярэзіну. Вяршок адразу ўгнуўся пад дужаю птушкаю. Грак нейкі момант не стуляў крылаў, падтрымліваў раўнавагу, каб не грымнуцца вобземлю. Перастаўшы гайдацца, ён пасядзеў у спакоі, нібы нешта думаў ці разважаў, затым прымерыўся да ніштаватай галінкі, спрактыкавана сціснуў яе ў моцнай дзюбе і перашчыкнуў, як нажніцамі.
Гэта быў сігнал. Ножны пачалі працаваць на кожным дрэве. Гракі бесперастанку абразалі галлё і ляцелі майстраваць гнёзды, цяжка махаючы вялікімі, як бы адсырэлымі ў вільготным паветры крыламі.
Раптам на дол упала кропля. Адна, другая, потым дзве разам. Адкуль бы гэта, калі дождж даўно сціх і нідзе не нахмарвае? Ды вось яно што! Гэта бярозы развітваюцца з адламаным веццем, шкадуюць, што ніколі не зашуміць яно лістамі. Не сказаць, што плачуць, а спалоскваюць сокам параненыя мясціны, каб хутчэй загаіліся.
(286 слоў)
Паводле М. Лужаніна
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Грак
Пераказы, дыктанты → Прыблудны грак
Віктар Гардзей → Віктар Гардзей - Ходзіць грак, як аграном
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Грак-будаўнік
Леанід Галубовіч → Леанід Галубовіч - Зноў заявіліся гракі...