Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Пераможная бітва
У 1362 годзе, калі Вялікае княства Літоўскае ўсталявала добрыя адносіны з Польшчай, Альгерд выступіў супраць татарскіх ордаў. Да ягонага войска далучылася апалчэнне з Кіеўшчыны і Валыні.
Каб у генеральнай бітве разграміць сілы татараў, Альгерд вырашыў ісці ўглыб іх уладанняў. З Беларусі ён прывёў войска ў Кіеў, які стаў базай паходу. Далей на поўдзень пачыналася тэрыторыя, падуладная Ардзе. Альгерду процістаялі злучаныя сілы трох татарскіх ордаў – Крымскай, Перакопскай і Ямбалуцкай. Глыбокай восенню харугвы Вялікага княства Літоўскага пакінулі Кіеў і накіраваліся ў заходнія землі Падолля насустрач татарам.
Бітва адбылася каля ракі Сінія Воды – левага прытока Паўднёвага Буга, што пазней пачала называцца Сінюхай. Татары паставілі сваё войска ў тры палкі, якімі кіравалі султаны Катлубук, Качыбей і Дзмітрый. Альгерд жа размеркаваў свае харугвы ў шэсць палкоў так, каб яны ўтваралі як мага глыбейшую лінію абароны.
Галоўным было не дазволіць праціўніку выкарыстаць ягоныя тактычныя перавагі, дзякуючы якім татары звычайна перамагалі ў палявых бітвах. Яны разбуралі шыхты цяжкіх харугваў атакай па ўсім фронце, а потым імкліва заходзілі на флангі і ў тыл, што і вызначала зыход сечы.
Гэтым разам татары не здолелі акружыць войска Вялікага княства Літоўскага і мусілі атакаваць яго шчыльныя шыхты. Воіны Альгерда амаль без страт адбілі атаку ардынцаў. Тады ўжо князеўскія харугвы разам напалі на конніцу султанаў і адначасова з франтальным ударам атакавалі яе з флангаў. Татары не вытрымалі гэтага магутнага націску і пачалі ўцякаць. Арганізаваная пагоня праціўніка давяршыла поўны разгром татараў. Рэшткі іх конніцы ўцякалі да Дуная і далей.
Вайсковая моц трох ордаў, якія валадарылі на вялізных абшарах ад Кіева да Чорнага мора, была знішчана ў адной бітве. Пераможцы завалодалі татарскім абозам і пайшлі яшчэ глыбей да самага вусця Паўднёвага Буга.
Сеча каля Сініх Вод, у якой асабліва вызначыліся навагрудскія воіны, мела вялікае палітычнае значэнне. Яна стала пачаткам вызвалення ўсходнеславянскіх земляў ад ардынскага панавання.
Падуладная татарам тэрыторыя ажно да вусцяў Дняпра, Днястра і нізавіны Паўднёвага Буга перайшла пад кантроль Вялікага княства Літоўскага. Украінскія землі Падолля, Валыні і Кіеўшчыны, а таксама Чарнігаўшчына больш трывала ўвайшлі ў склад нашай дзяржавы і перасталі плаціць даніну Ардзе.
Разгром аб’яднаных татарскіх сіл каля Сініх Вод стаў першай буйной перамогай над ардынцамі ва Усходняй Еўропе. Яна была натхняльным прыкладам для ўсіх ўсходніх славянаў, што цярпелі золатаардынскае ярмо.
Бліскучы поспех Альгерда каля Сініх Вод падрыхтаваў другую вялікую перамогу над татарамі – разгром хана Мамая на Куліковым полі ў 1380 годзе.
На жаль, папярэдніца Кулікоўскай перамогі цяпер амаль забытая. Беларусы, продкі якіх здабывалі славу першага трыумфу над татарскай ардой, пра Сінія Воды цяпер, бадай, нічога не ведаюць.
Паводле Г. Сагановіча