Цёплым вясновым днём хлопчыкі-аднакласнікі вярталіся са школы ў сваю вёску. Перагаворваючыся, жартуючы, яны непрыкметна падышлі да ручая. Сябры заўважылі, што ручай разліўся, вясенняя паводка сарвала кладку.
Да хлопчыкаў падышла бабуля, бездапаможна развяла рукамі. Яна паскардзілася, што сабралася ў госці да ўнучкі, але не змагла перайсці ручай.
Вова прапанаваў аднакласнікам зрабіць новую кладку. Тоўстае бервяно ляжала каля ручая. Хлопчыкі ледзь паднялі яго і перакінулі на другі бераг.
Рыгорка зірнуў на бабулю і сказаў:
– Яшчэ парэнчы трэба зрабіць.
Па абодвух баках бервяна хлопчыкі ўбілі ў зямлю калкі і звязалі іх лазою. Атрымаліся парэнчы.
Алесь запрасіў бабулю перайсці ручай. Хлопчык першы пабег па кладцы. Бабуля ўбачыла, што кладка надзейная. Жанчына асцярожна ступіла на бервяно, узялася рукамі за парэнчы і, перайшоўшы на другі бераг, падзякавала хлопчыкам.
Весела перагаворваючыся, аднакласнікі пабеглі ў вёску.
(132 словы)
(Паводле А. Якімовіча)
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → У летні поўдзень
Пераказы, дыктанты → На кладцы
Пераказы, дыктанты → Кладка
Вера Вярба → Вера Вярба - Ручай і ялінка
Эдуард Валасевіч → Эдуард Валасевіч - Ручай і Возера