Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Паядынак

   Невысокага росту егер, хударлявы, ссутулены, з кароткімі рыжымі вусамі і рэдкай бародкай, быў падобны на сапраўднага лесавічка. Пад старым разгалістым дубам, што рос на палянцы, ён ціхім голасам даваў парады фатографу:
   – Вунь там, за бродам, пачынаецца вялікі імшарнік. Апранай гумавыя боты, каб не падмачыцца. За бродам будзе мысок дубровы... За ім пачынаецца балота. Каля мыска якраз і б’юцца на світанні ласі. Толькі асцярожна... Днямі адна наша жанчына збірала журавіны, Напаў на яе лось... Яна так перапужалася, што і не помніць, як з балота выбралася. Будзь асцярожны, бо хто ведае, што ў галаве раз’юшанага лася. Калі што не так – хутчэй на дрэва. Не шумі, бо лось можа з’явіцца нечакана...
   Апоўначы фатограф абуў гумавыя боты, апрануў ватоўку. Зарадзіў апарат.
   Задоўга да світання ён перабраўся праз брод і прытаіўся за невялікім стажком каля ўзлесся. Тут, на выкашаных прагалінах між кустоў алешніку і лазы, сыходзіліся на бойку ласі.
   Прыхінуўшыся да стажка, фатограф і не прыкмеціў, як задрамаў. Абудзіў яго голас. Здавалася, што нехта заблудзіўся ў балоце і гукае прыглушаным хрыплаватым голасам, просіць дапамагчы.
   Дрымоту як рукой зняло. Фатограф закінуў сумку з фотаапаратам за спіну і, адгукваючыся, пайшоў напрасткі праз балота. Раптам голас прагучаў у другім баку. Фатограф спыніўся – ці не мроіцца яму. Прыслухаўся. Прайшоў мо якіх сто метраў і стаў як укопаны. Перад ім, як здані, выплылі з туману два вялізныя ласі. Апусціўшы галовы, выставіўшы наперад галінастыя рогі, яны на нейкае імгненне знямелі і стаялі нерухома. Потым кінуліся адзін на аднаго.
   Стукнуліся рогі аб рогі, затрашчалі. Звяры ўпіраліся, разварочвалі капытамі купіны, мох – хто каго перасіліць. Але ніводзін не здаваўся. Вось ласі ўпалі на калені. Потым падхапіліся, адбеглі трохі і зноў кінуліся адзін на аднаго. Зноў затрашчалі рогі.
   Здавалася, барацьба ішла не на жыццё, на смерць.
   Але вось адзін супернік не вытрымаў націску і пахіснуўся. Гэтага было дастаткова. Другі мацней націснуў і паваліў яго. Пераможаны не паспеў падняцца, як атрымаў яшчэ ўдар.
   Хутчэй трэба ратавацца, уцякаць. Лось падхапіўся і з усіх ног падаўся прэч. Пераможца пагнаўся за ім.
   Фатограф стаяў як зачараваны і не мог уцяміць, што перад ім было – сон ці ява. Захоплены незвычайным відовішчам, ён забыўся, дзеля чаго сюды прыйшоў.
   Зноў пачуўся стогн. Толькі цяпер фатограф зразумеў, што гэта быў баявы кліч лася.
   Фатограф асцярожна крануўся на ласіны стогн. Неўзабаве ён выйшаў на невялікі грудок, дзе расло некалькі маладых дубкоў. Ласі раўлі, стагналі навокал, але не трапляліся на вочы.
   Фатограф пасмялеў, перастаў асцерагацца, страціў пільнасць. Ён спыніўся каля пня, дастаў з кішэні цыгарэты...
   Лось з’явіўся нечакана, быццам здань. Апусціўшы галаву, выставіўшы рогі, звер пёр напралом.
   Фатограф схапіў апарат, але не паспеў пстрыкнуць затворам: вельмі ж хутка скарачалася адлегласць паміж ім і ласём. Тады ён сарваўся і куляю даляцеў да дубка і, як тая рысь, хутка і спрытна ўзабраўся на дрэва.
   Лось горда ўзняў галаву і павярнуў назад.
   Ён і сапраўды перамог: слабейшы ўцёк ад яго.
   Праз хвіліну, другую быў чуваць у імшарніку стогн: лось выклікаў на бой таго, хто яшчэ хацеў памерацца з ім сваёю сілаю.
(491 слова)

Паводле З. Бяспалага

 

Похожие статьи:

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Казка пра ласку

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Зайчык-выхваляйчык

Еўдакія ЛосьЖыццёвы і творчы шлях Еўдакіі Лось

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Маці

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Уцякач