Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пацеркі для Веры

   У свае пятнаццаць гадоў Вера была вялікая і дужая, але здавалася равесніцам нязграбна худой, чужой і адзінокай, бы тая калючая, недагледжаная дзічка за вёскай.
   За нязвыклым адчуваннем даросласці Вера часам бачыла сябе ранейшую, адчайна бесклапотную, даўганогую, з растапыранымі хвосцікамі заплеценых косак. З гэтай мамчынай дачушкай не хацелася развітвацца, хоць яна ўжо жыла ў абалонцы амаль дарослай дзяўчыны.
   Было гарачае лета. Мяняліся дні, мільгалі перад вачамі ўзмахамі крылаў азёрнай чайкі, праляталі пад гарачымі стрэхамі ліпеня.
   Было столькі работы, што хоць ты спаць не кладзіся. Вера цэлымі днямі цягала з балота важкія ношкі балотнай травы, палола бульбу, даіла карову. Рукі рабіліся шурпатымі і чырвонымі. Нанач мазала іх алеем, але раніцай пачыналася бясконцая ўтомная работа, і рукі зноў грубелі і чырванелі.
   Аднаго разу ў нядзелю вечарам Любка, Верына сяброўка, сказала ў дзявочым гурце, што ў краму прывезлі прыгожыя пацеркі. Раніцай Вера ўвайшла ў краму і, не адрываючыся, глядзела на тыя недасягальныя пацеркі. Гэта былі ярка-чырвоныя шкляныя крывінкі, што, здавалася, маглі б рассыпацца ад дотыку яе пальцаў залатым гарачым пяском. І пацеркі адразу сталі марай. Спачатку Вера забягала ў краму кожны дзень, сумна пазірала на гэты шкляны цуд, потым супакоілася. Але ж ненадоўга.
   Усё вярнулася, як толькі ў вёску пачаў прыязджаць рамізнік Галаваты і стаў купляць усюды сушаны аер. А гэта былі хоць малыя, але грошы. І Вера як ашалела ад жадання купіць тыя сонечныя слёзкі-пацеркі.
   Вера знайшла гэтую аерную лапіну яшчэ раніцай. Знізу карані былі салатавыя ці белыя, ад зямлі адрываліся вельмі лёгка. Цвёрдая скура кораня блішчала, казытала пальцы гладкай паверхняй, але адчувалася, што ўсё як набітае старой вільготнай ватай.
   «Э, не, – падумала сама сабе Вера. – Такія многа не заважаць. Колькі хочаш насушы, а грошай на пацеркі не хопіць».
   Сымон Галаваты прыехаў у нядзелю. Ён ужо скрыпеў пад вокнамі старымі коламі. Вера пабегла ў сенцы, сцягнула з гарышча мех з аерам і паважыла яго ў руках. Мех быў на дзіва лёгкі.
   Яна то апускала, то зноў падымала гэты нікчэмны мех, але ён зусім не цяжэў, наадварот, рабіўся ўсё лягчэйшы, быццам пры кожным дакрананні да зямлі паступова аддаваў ёй сваю вагу.
   Вера ледзь не заплакала. Думалася толькі пра недасягальныя, бы нябесныя зоркі, пацеркі. Нібыта ў тым прымроеным шкляным харастве змясцілася ўсё багацце свету, уся яе дзявочая душа.
   У нейкім утрапёным забыцці Верыны рукі раптам перасталі слухацца ўнутраных пратэстаў, рабілі нешта сваё, незразумелае, паганае.
   «А чаго там баяцца?! А што, так усе робяць!.. А я – ніколі яшчэ...» Яна схапіла раптам вялізную цагліну, пачала, дрыжучы ад хвалявання, разварочваць жоўтыя і цвёрдыя, бы высахлыя яшчаркі, карані, глыбока засунула ў іх цагліну, зверху звязала мех вяроўчынай і павалакла яго на вуліцу.
   Сымон Галаваты чапляў мех на кручок бязмена, доўга важыў яго. А Вера стаяла наструненая, бы нацягнутая рыбінай леска, нічога вакол сябе не бачыла. Чула толькі адзінае, заціснутае ў памяці: «Цагліна!»
   Халадзеючы нутром, Вера чакала, што зараз Галаваты засуне руку ў мех, намацае ў аеры цагліну, і тады сорам панясе яе праз усю вёску. Праклінала сябе, не магла паварушыцца, быццам усярэдзіну насыпалі жару.
   Але рамізнік спакойна кінуў мех на фурманку і разлічыўся. Сціснуўшы ў кулаку гарачыя і, здавалася, жывыя, як растрывожаныя пчолы, грошы, Вера павольна ішла дахаты. Шчыльна зачыніла за сабою дзверы, асцярожна высыпала мокрыя, ліпкія грошы на стол. Было роўна на пацеркі.
   Яна ўпала на ложак, халодзячы твар падушкаю, вырываючы з сэрца сорам, але ўсё цела балела, не магло расслабіцца, як прыбітае той вялікай бруднай цаглінай. Ведала, што такое з ёю больш ніколі не паўторыцца. Ніколі ў жыцці. І адразу адчула, што купляць пацеркі яна ўжо не пойдзе.
(570 слоў)

(Паводле В. Коўтун)

 

Похожие статьи:

Эдуард ВаласевічЭдуард Валасевіч - Ліпа