Лета для мяне назаўсёды прапахла альховаю карою, з якой мы рабілі кошыкі для ягад. Яно пахла суніцамі, малінамі ды чарніцамі, якімі пахлі нашы рукі, вусны і нават шапкі, у якіх назаўсёды аставаліся пачарнелыя крапінкі ад ягад. Калі мы траплялі на ягадную паляну, то добрымі кузаўкамі рабіліся тады гэтыя шапкі, а для грыбоў – сарочкі з завязанымі рукавамі. Лета пахне для мяне печанымі на кастры каласамі, свежым сенам, якое яшчэ нядаўна было травою і не паспела ў пунях запыліцца.
Лета – гэта воз непаслухмянага сена. На гэтай высокай, няўстойлівай капе, моцна ўчапіўшыся за вяроўкі, ляжыш ты. Ты адчуваеш нават самую маленькую няроўнасць каляіны, адчуваеш кожны невялікі каменьчык, які трапіць пад колы, бо воз пачынае тады шырока гайдацца, здаецца, вось-вось абернецца. А як замірае ад страху сэрца, калі воз не зможа зноў цвёрда стаць на ўсе чатыры колы! Апамятаешся ўжо толькі на зямлі, засыпаны духмяным сенам.
(144 словы)
Паводле Я. Сіпакова.
Похожие статьи:
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Як спакайней?
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Заміра
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Перавернуты
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Клетка
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Лета з мятлушкай