Ноч выдалася цёплая, ціхая. Але лес не спаў. То піскне нейкая птушка, то прарэзліва крыкне сава, то хрусне сухая галінка, то пачуецца ледзь значны шолах.
Агонь дагараў. Куча галля ўсё змяншалася, канцы ламачча тлелі навокал. У сярэдзіне было досыць вуголля і жару, але святло ўсё слабела. Вуголле шарэла ўсё больш і больш, а разам з гэтым з лесу пачала насоўвацца цемра. Вось ужо агеньчык ледзь-ледзь блішчыць.
Было ўжо за поўнач, але паветра не халаднела. Здавалася, што яно нават цяплела. Было нейкае густое, парнае. З захаду даносіўся прыглушаны грукат, мільгалі маланкі. Набліжалася навальніца.
Хлопцы спалі і нічога не чулі. Грукат быў глухі, безупынны і ўзмацняўся паступова. Ён змешваўся з шолахам дрэў, а да такога шуму вушы хлопцаў ужо прызвычаіліся. Не прачнуліся яны і тады, калі ўпалі першыя кроплі цёплага дажджу.
Толькі зусім блізкі страшэнны ўдар грому прымусіў Мірона ўскочыць на ногі. Ён адразу ж разбудзіў Віктара. Прайшло некалькі хвілін, пакуль хлопцы разабраліся, у чым справа.
– Агонь! Агонь! – крыкнуў Віктар і кінуўся да вогнішча.
Абодва разам пачалі дзьмухаць на вугольчыкі, падкідаць галлё. А дождж пайшоў ужо як мае быць. Галлё сіпела, не хацела гарэць. Хлопцы ўткнуліся галовамі ў вуголле, распласталіся па зямлі і дзьмухалі з усёй сілы. Агонь неабходна было ўратаваць.
(197 слоў)
(Паводле Я. Маўра)
Похожие статьи:
Пераказы → Вечны агонь
Аляксей Пысін → Аляксей Пысін - Трывога ў бары
Казкі Жыцця → Якуб Колас - Балотны агонь
Пераказы → Балотны агонь