Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пакінуты двойчы

   Невысокі чарнявы салдат Васіль Дзежыц з чамаданчыкам у руцэ з цікавасцю і цёплым бляскам у вачах разглядаў праз акно аўтобуса незнаёмы горад. Недзе тут жыве родная яму жанчына, што па невядомай прычыне адмовілася ад яго яшчэ ў раддоме. Пра гэта Васілю перад смерцю расказала яго прыёмная маці-настаўніца, ахвяра аўтакатастрофы. I вось ён прыехаў сюды, да матулі, пра што яна нават не падазрае. I ўжо каторы раз намагаецца ўявіць сабе: якой жа будзе іх сустрэча і якая яна, яго родная маці?
   З паўгода таму, калі Васіль упершыню пачуў з вуснаў прыёмнай маці, што яна яму няродная, хлопцу спярша не паверылася ў гэта. I не адразу Васіль звыкся з думкаю, што ў яго ёсць яшчэ адна маці, кроўная. Доўгі час ён хадзіў прыгнечаны, з незразумелай тугой у грудзях, а прачынаючыся сярод ночы, не мог заснуць да самага пад’ёму.
   Тады ж да яго і прыйшла думка адшукаць сваю сапраўдную маці. I калі з атрыманага пісьма супрацоўніцы адраснага бюро даведаўся, што тая жывая і здаровая, яму вельмі захацелася пасля службы пабачыць яе, а таксама пабыць на сваёй радзіме – у Беларусі, пра якую ведаў толькі з кніг ды з экрана тэлевізара і якую палюбіў за яе зялёныя лугі і лясы, азёры і рэкі, меладычныя песні. Але галоўнае, яму хацелася выслухаць хоць нешта аб прычыне іх расстання. Недзе ў глыбіні душы яму не верылася, што менавіта яна, родная маці, магла проста так, без дай прычыны кінуць яго на волю лёсу на самым пачатку жыцця. Хлопцу не хацелася думаць пра яе кепскае, ён спадзяваўся, што ў маці, мабыць, была нейкая драма, якая і вымусіла маладую жанчыну разгубіцца перад жыццём. I што пасля яна, відаць, каялася за свой учынак, хацела забраць яго з дзіцячага дома, аднак ёй не назвалі ні прозвішча прыёмных бацькоў, ні іх адраса.
   Васіль адшукаў патрэбны пад’езд, падняўся на чацвёрты паверх, спыніўся і крыху пастаяў перад абабітымі чорнай скурай дзвярыма, чуючы, як тахкае сэрца, але чамусьці так і не адважыўся пазваніць. А потым, стаіўшы дыханне, усё ж націснуў на чорную кнопку. Пачуліся лёгкія крокі, дзверы адчыніліся.
   – Вам каго? – мілагучна спыталася белавалосая, з нафарбаванымі вуснамі, сімпатычная і маладая на выгляд жанчына.
   Яна прапусціла Васіля ў кватэру, сама хуценька выйшла на лесвічную пляцоўку, пастаяла там, да нечага прыслухоўваючыся. Затым хутка прайшла ў залу, вярнулася і паклала ў яго руку нешта невялікае і тугое, а затым прыцішана прагаварыла, што хутка прыйдзе муж.
   – Сюды больш не прыходзь, – амаль шэптам вымавіла яна і злёгку падштурхнула хлопца да выхаду. Васіль нават не паспеў спытаць, хто яго бацька.
   На вуліцы ён адшпіліў бліскучую кнопку светла-карычневага кашалька, што так нечакана трапіў у яго руку там, у кватэры. Убачыў буйныя купюры і ажно аслупянеў і з хвіліну стаяў у нерухомасці. "Няйначай адкупіцца захацела", – кальнула непрыемная думка. Адчуўшы сябе абражаным, Васіль з пагардай зірнуў на кашалёк, і ў гэты момант да пад’езда пад’ехала белая "Волга". З яе жвава вылез мужчына ў добра адпрасаваным касцюме і ў белай кашулі пры гальштуку. "Муж!" – здагадаўся Васіль.
   – Пачакайце! – клікнуў ён. – Перадайце, калі ласка, жонцы. I скажыце ёй...
   Больш хлопец нічога не мог вымавіць і пайшоў, высока ўзняўшы галаву.
(501 слова)

Паводле В. Какорыча.

Похожие статьи:

ПераказыНа скрыжаванні

ПераказыДа маці

ПераказыІ надыходзіць дзень

Янка ЗолакЯнка Золак - Ода маці

ПераказыСустрэча з маці