«Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам, рыбу луской, дрэва карой, птаху пяром, дзеўку чапцом» – так гаворыць прыказка і падсумоўвае вынікі назіранняў нашых продкаў-земляробаў за прыродай. Сапраўды, Пакровы – пераломны момант у жыцці навакольнага свету. Ужо адляцелі ў вырай апошнія птушкі, зусім блізка сталыя халады, усё жывое стаілася ў чаканні зімы.
Не адстае ад прыроды і чалавек. Даўно сабраны ўраджай збожжа, заканчваюцца клопаты ў полі і на агародзе, уцяпляюцца жыллё і пабудовы. Да прыходу знакавага асенняга дня ўсё павінна быць зроблена. «Прыйшлі Пакровы, пытаюць, ці да зімы гатовы» – папярэджвала народная мудрасць. Другая ж прыказка, падхапіўшы тон папярэдняй, ушчувала нядбайных гаспадароў: «Хто сее па Пакрове – не будзе мець чаго даць карове». А яшчэ пасля 14 кастрычніка і ўжо ажно да Благавешчання забаранялася «турбаваць», «чапаць» зямлю. Восеньскі цыкл палявых работ быў скончаны.
Але толькі на першы погляд гэты час здаецца панурым і сумным. Менавіта пасля Пакроваў, калі сфера дзейнасці селяніна з адкрытай прыродна-ландшафтнай стыхіі перамяшчалася ў абмежаваную прастору (хата, гумно), наступала самая цікавая, галоўным чынам для моладзі, пара. Пачынаўся сезон вячорак, а таксама вяселляў (хіба ж да іх было ў дні касавіцы ці жніва?). Прыказка і на гэты конт трапна заўважала: «Да Пакроваў усё павінна быць звезена з поля, а хлопец з Пакроваў каб быў гатовы жаніцца»
(209 слоў)
І. Драбышэўская