Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Паездка ў горы

   Ледзь толькі мы пакінулі Сафію, адразу ж пасвятлела, нібы распагодзілася: заяснела неба, паказалася сонца. Горы, што падымаліся то пакатымі пагоркамі, то крутымі абрывістымі скаламі і наперадзе, і злева, і справа, заіскрыліся, забялелі снегам, быццам панакідаў ім на спіны нехта белыя хусткі. Краявіды з кожным кіламетрам мяняліся, і я, седзячы ў машыне, любаваўся ўсім: прыгожым пагодлівым днём, і асветленымі сонцам гарамі, і дубняком на схіле гор, і вінаграднікамі, вёскамі, што мільгалі, праносіліся то тут, то там.
   У поўдзень мы пад’ехалі да пачарнелых ад часу муроў Рылскага манастыра. Навокал бязладна ціснуліся, падымаліся адна над адной горы, парослыя на схілах кустамі, густым грабняком, соснамі, елкамі, а на вяршынях заснежаныя белай аздобай зімы. Там, высока ў гарах, дзьмуў вецер, дыміў снегам, пераносіў яго з месца на месца. А тут, у лагчыне, дзе раскінуўся, чырванеў чарапічнымі дахамі, сценамі розных збудаванняў манастыр, было зусім ціха, цёпла і на дзіва сонечна.
   Любавацца было чым. Акружаны з усіх бакоў гарамі, манастыр падымаўся чарапічнымі дахамі з лагчыны і быў увесь, да самай нязначнай пабудовы, як на далоні: высокая, з байніцамі, зубчастая вартавая вежа, бела-чырвоная, лёгкая, як песня, царква, а вакол, куды ні кінеш вокам, – непрыступныя, суровыя сцены муроў.
(192 словы)

Паводле Б. Сачанкі