Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Падземны паляўнічы

Варыянт 1 (325 слоў)

   Аднойчы бацька расказаў Мішу пра сабачак таксаў, падземных паляўнічых, якія без страху ідуць у лісіныя і барсуковыя норы. Мішу вельмі захацелася мець такога сабачку. І вось летам знаёмы паляўнічы прывёз з горада Таксіка – так звалі сабачку.
   Мішу Таксік спачатку не спадабаўся. Сабачка быў смешны з выгляду: чорны, на кароценькіх крывых ножках.
   Але хутка хлопчык прывык да Таксіка, ахвотна і падоўгу гуляў з ім.
   Аднойчы хлопчык вырашыў пайсці з Таксікам на рэчку. Вясковыя хлапчукі, убачыўшы Мішу з Таксікам, абступілі іх. Некаторыя насміхаліся, гаварылі, што Таксік непрыгожы. Мішка абараняў свайго сябра, казаў, што гэты падземны паляўнічы ліс і барсукоў бярэ ў норах. І раптам Віктар прапанаваў: «Таксіка можна павесці ў лес, дзе шмат лісіных нор, бо лісіцы панадзіліся вясковых курэй цягаць. Давайце паганяем іх трохі. Паглядзім, на што Таксік здатны».
   Міша згадзіўся. Назаўтра, узяўшы сабаку, хлапчукі пайшлі ў лес. Спачатку Таксік неахвотна ішоў следам і нават пачаў адставаць. Сядзе, пасядзіць, зробіць некалькі крокаў і зноў сядзе. Але паводзіны Таксіка рэзка змяніліся, як толькі яму трапіліся звярыныя сляды. Прынюхваючыся, сабачка бег усё далей у лес.
   Нейкая трывога кальнула Мішу. Хлапчукі выразалі на ўсякі выпадак добрыя кійкі. Таксік рупліва і старанна абнюхваў сляды. Потым ірвануўся наперад і забрахаў. Хлапчукі кінуліся ўслед за ім. Таксік стаяў над нарою, цела яго было наструнена, пашча грозна ашчэрана. Навокал валяліся абгрызеныя косці і пер’е. Хлапчукі адразу зразумелі, куды падзеліся вясковыя куры.
   Таксік знік у нары. Адтуль даносіўся глухі брэх, потым ён стаў чуваць усё цішэй і нарэшце змоўк. «Таксіка ліс задушыў», – праз слёзы прамармытаў Міша. «Трэба было нам рыдлёўку ўзяць. Раскапалі б нару і дапамаглі Таксіку», – з жалем загаварыў Віктар.
   У лесе было ціха, толькі зверху далятаў глухі шум хвой і ялін. Марудна цягнуліся хвіліны. Раптам з нары паказаўся востры чорны хвосцік, потым заднія лапкі, якія моцна ўпіраліся ў зямлю, і доўгая, выкачаная ў жоўты пясок спіна Таксіка, а затым галава рыжага ліса. Звер не варушыўся. Таксік моцна трымаў яго і доўга не хацеў адпускаць, нібы баяўся, каб ліс не ажыў.
 


 

Варыянт 2 (558 слоў)

   Аднаго разу бацька расказаў Мішу пра сабачак таксаў, падземных паляўнічых, якія ідуць у лісіныя і барсуковыя норы. Мішу вельмі захацелася мець такога сабачку, і хлопец стаў дакучаць бацьку, каб той купіў яму сабаку.
   I вось летам знаёмы паляўнічы прывёз Мішу з горада Таксіка – так звалі сабачку. Мянушку, відаць, далі па пародзе.
   Мішу Таксік спачатку не спадабаўся. Сабачка сапраўды быў смешны з выгляду: чорны, як галавешка, на кароценькіх, нібы вывіхнутых, крывых ножках.
   Жыццё Таксіка ў новых гаспадароў, можна сказаць, было някепскае. Яму, праўда, не дазвалялі брахаць на чужых людзей, што часам заходзілі ў хату, хоць ён добра ведаў, што гэта сабачы абавязак. А зганяць з двара курэй або свіней, дык гэта справа не таксаў, і ён лічыў такі занятак для сябе ганебным. Хай гэтым займаюцца звычайныя дварнякі.
   Хутка Міша прывык да Таксіка, ахвотна і падоўгу гуляў з ім. Каб больш дагадзіць чатырохногаму сябру, хлапчук уволю даваў яму аладак, пячэння і нават цукерак.
   Таксік палюбіў сваё новае жыццё. У вёсцы было добра. Двор абгароджаны, пад вокнамі кветкі. У гарачыню можна паваляцца ў цяньку пад дрэвамі. А што ў горадзе? Сядзі ў пакоі, чакай, пакуль хто-небудзь выведзе на двор.
   Сярод хлапчукоў вёскі пайшлі розныя чуткі. Некаторыя гаварылі, што ў Мішы не сабака, а нейкая пачвара. Цяжка было Мішу цярпець насмешкі, таму ён не паказваўся на вуліцы з Таксікам.
   Ішлі дні. Плыло цёплае, сонечнае лета. I аднойчы хлопчык вырашыў пайсці з Таксікам на рэчку і не звяртаць увагі на кпіны. Вясковыя хлапчукі, што загаралі і купаліся на рэчцы, убачыўшы Мішу з Таксікам, умомант падхапіліся і абступілі іх. Некаторыя насміхаліся, гаварылі, што такія страхоцці, як Таксік, не павінны жыць на свеце. Мішка абараняў свайго сябра, казаў, што гэты падземны паляўнічы ліс і барсукоў бярэ ў норах.
   I раптам Віктар прапанаваў:
   – А калі б Таксіка павесці ў Замкавы лес, дзе шмат лісіных нор. А лісіцы, брыгадзір казаў, панадзіліся калгасных курэй цягаць. Давайце паганяем іх трохі. Паглядзім, на што Таксік здатны.
   Міша падумаў і згадзіўся. Назаўтра Віктар прыйшоў да Мішы зранку. Узяўшы сабаку, хлапчукі падаліся ў лес. Спачатку Таксік неахвотна ішоў следам. Сяк-так ён дайшоў да кустоў, што раслі на ўскраіне лесу, а потым пачаў адставаць. Сядзе, пасядзіць, зробіць некалькі крокаў і зноў сядзе.
   Гэта сапсавала добры настрой Мішу, які нават пачаў думаць, што хлопцы на беразе гаварылі праўду, калі смяяліся з яго сабакі. Паводзіны Таксіка рэзка змяніліся, як толькі яму трапіліся звярыныя сляды. Прынюхваючыся, сабачка бег усё далей і далей у лес.
   Нейкая трывога кальнула Мішу. Хлапчукі выразалі на ўсякі выпадак добрыя кійкі. Таксік усё больш рупліва і старанна абнюхваў сляды. Потым ірвануўся наперад і забрахаў. Хлапчукі кінуліся ўслед за ім. Таксік стаяў над нарою, цела яго было наструнена, пашча грозна ашчэрана. Навокал валяліся абгрызеныя косці і пер’е. Хлапчукі адразу зразумелі, куды падзеліся калгасныя куры.
   Таксік знік у нары. Адтуль даносіўся глухі брэх, потым ён стаў чуваць усё цішэй і цішэй і нарэшце змоўк.
   – Таксіка ліс задушыў, – праз слёзы прамармытаў Міша.
   – Трэба было нам рыдлёўку ўзяць. Раскапалі б нару і дапамаглі Таксіку, – з жалем загаварыў Віктар.
   У лесе было ціха, толькі часам зверху далятаў глухі шум хвой і ялін. Марудна цягнуліся хвіліны. Раптам з нары паказаўся востры чорны хвосцік, потым заднія лапкі, якія моцна ўпіраліся ў зямлю, і нарэшце доўгая, выкачаная ў жоўты пясок спіна Таксіка, а затым галава старога рыжага ліса. Звер не варушыўся. Таксік моцна трымаў яго за карак і доўга не хацеў адпускаць, нібы баяўся, каб ліс не ажыў...

Паводле Я. Зазекі

 

Похожие статьи:

ПераказыСтракаты дзяцел

ПераказыСарока-белабока

ПераказыГаспадар пушчы

ПераказыКемлівая казуля

ПераказыТанец жураўлёў (Паводле Я. Зазекі)