Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Падарунак (Паводле С. Давідовіча)
Самае цяжкае – выбраць і купіць падарунак, калі ідзеш да каго-небудзь на дзень нараджэння. Іншы раз падабаецца падарунак, ды не дазваляюць грошы. Калі ж грошы дазваляюць, дык падарунак, як кажуць, ні сабе ні людзям. Вось і збіваеш апошнія падэшвы, ходзячы па магазінах.
Часам уручыш імянінніку тое, што купіў, а ў яго ад разгубленасці сківіца адвісла, вусны дрыжаць ад крыўды. Так можна і свята сапсаваць, і з гаспадаром пасварыцца.
Прыехала ў Карпілаўку да бацькоў на адпачынак маладая жанчына з мужам і сынам аж з далёкай Керчы. У той Керчы ўся радасць – адно толькі мора, ды і гэта адзіная радасць для турыстаў. Мясцовым жыхарам не да мора.
Трэба яшчэ дадаць, што ў той Керчы грыбамі і не пахне, а ў нас лясы гніюць ад іх. А дзе вы бачылі чалавека, які б не любіў збіраць грыбы, асабліва баравічкі? Вось і гэтыя керчанцы штораніцы бягуць, спатыкаючыся, у лес.
Але грыбы не мох, не растуць па ўсім лесе без разбору. Кожны грыб любіць свае мясціны. Летась баравікі раслі па барах, па белых імхах, сёлета – па бярэзніках ды пад дубамі, а ў наступным годзе могуць прытаіцца ў ельніках. Тут патрэбны асаблівы нюх. Можна цэлы дзень працягацца па лесе, а знайсці аднаго казляка, ды і за таго чэрві б’юцца. А можна за гадзіну нарэзаць вялізны кош баравікоў.
Пабягуць зранку керчанцы ў лес, ногі адаб’юць, а нясуць дамоў нейкія сыраежкі, паедзеныя смаўжамі, ды некалькі лісічак.
Я звычайна ў лес не спяшаюся. У мяне ёсць свае запаветныя куткі. Ды і па лесе я іду паціху, туды-сюды крутнуся, прыпынюся, азірнуся. Грыбы гэта любяць і не хаваюцца. Некаторы грыбнік імчыць па лесе, як лось, задраўшы галаву і збіваючы нагамі тое, што шукае, быццам грыбы растуць не пад нагамі, а на елках.
Іду я з лесу дамоў, кошык паўнюткі адных баравікоў, ажно вывальваюцца. Параўняўся з хатай, у якой гасцююць керчанцы, і быў вымушаны прыпыніцца, бо яны ўбачылі мяне праз вокны і выскачылі на двор, ледзь дзверы не знеслі.
– Ай! Ой! Які цуд! Дзе быў?
А потым маладая жанчына слёзна папрасіла:
– Калі не хочаш, каб у мяне разарвалася сэрца, не хадзі больш пад нашымі вокнамі з такой прыгажосцю! Пашкадуй мяне!
Я прыйшоў дахаты, напіўся вады, скінуў боты і сеў адпачыць на лаўку. Праз дарогу збіралі рамонкі дзве дзяўчынкі – Кацюша і Ірачка. Назбіралі вялізныя букеты і ідуць ля нашага плота, аб нечым шчабечуць. Пытаюся ў іх, навошта так многа рамонкаў. А яны адказваюць:
– Сёння ж у цёткі Наташы дзень нараджэння!
Я і рот раскрыў. Цётка Наташа – гэта ж керчанская жанчына, у якой ледзь сэрца не разарвалася ад маіх баравікоў. Я падскочыў з лаўкі, нібы сядзеў на вострым цвіку, схапіў кош з баравікамі і кінуўся да суседзяў. Заскокваю ў хату і стаўлю ля ног імянінніцы свой падарунак:
– З днём нараджэння!
Вусны жанчыны заквітнелі радаснай усмешкай, а ў вачах успыхнуў шчаслівы агеньчык.
(457 слоў)
Паводле С. Давідовіча