Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Ніягарскі вадаспад
Паездка ў Канаду была напоўнена рознымі сустрэчамі. Найперш запомнілася асацыяцыя "Канада – СССР" у Таронта. На сустрэчу з намі, прадстаўнікамі Літвы, Латвіі, Арменіі, Казахстана, Расіі і Беларусі, прыйшло шмат людзей – і патомных канадцаў, і рускіх, і беларусаў, якіх некалі закінуў сюды лёс. Мы выступалі, расказвалі пра жыццё ў нашай краіне. Пасля сустрэчы каля кожнага з нас збіраліся землякі, распытвалі пра радзіму, расказвалі, як жывуць самі.
Былі наладжаны і так званыя сустрэчы па прафесіях, дзе мы пазнаёміліся з пісьменніцай Мэры Карол Вілсан. Размову з канадскімі літаратарамі-жанчынамі дапамагала весці перакладчыца. На пытанне, пра што я пішу, я зноў пачала расказваць пра вайну, пра гора, якое перажыў наш народ, пра тое, што вайна дасюль сядзіць стрэмкай у сэрцах тых, хто яе перажыў, у тым ліку і ў сэрцах беларускіх пісьменнікаў. Уразіла, што мяне далікатна слухалі, але, здаецца, расказ пра вайну, пра гора нікога не закрануў. Я ў сваю чаргу пацікавілася, якія тэмы, праблемы хвалююць канадскіх літаратараў, але пэўнага адказу не атрымала. Адна пісьменніца сказала, што яна вось напісала кнігу пра аднаго доктара, яе сяброўка – кнігу пра дзяцей, гісторыю індыйскага хлопчыка.
Пасля дзелавых сустрэч – паездка да аднаго з цудаў свету, Ніягарскага вадаспада. Шмат чытала пра яго і бачыла ў кіно, на малюнках. I вось ён. Агромністыя глыбы вады, сцякаючы амаль з роўнай, гладкай паверхні ракі Ніягары, падаюць уніз, у глыбокі роў, і з пенай, громам кіпяць, далёка навакол раскідваючы пырскі, уздымаючы іх над вадаспадам, над ракой белым туманам.
Усё вакол прыстасавана тут для любавання гэтым дзівам, для турыстаў, якіх тут кожны дзень цэлая процьма. Для іх роўненькая эстакада ўздоўж вадаспада, стаянкі для машын, рэстараны, кавярні. Для іх – караблікі, на якіх за пэўную колькасць долараў можна ўсплысці на белапенны кіпень скінутага вадаспадам патоку, пагайдацца на яго хвалях, наблізіцца да грымучай сцяны, аглушыцца яе шумам, абрасіцца яе пырскамі, перажыць так званае "вострае адчуванне". Для турыстаў пароблены тунэлі ў падзямеллі, каб па іх, па тунэлях, можна было падысці да вадаспада, зблізку адчуць яго грознае дыханне. Для такой прагулкі ў гардэробе выдаюць доўгія плашчы з капюшонамі, гумовыя боты, каб пырскі вадаспада не залілі адзенне. Апрануліся ў такія плашчы і мы, падышлі да вадаспада, і ён грымеў над нашымі галовамі, заліваў пырскамі нашы плашчы і твары.
А потым нас запрасілі ў адзін са шматлікіх тут рэстаранаў на абед, а затым мы проста гулялі, заходзілі ў крамкі з сувенірамі. Атрымалі мы ў той дзень усё, што належала атрымаць турыстам. I ўсё ж, усё ж... Я асабіста ад’язджала з пачуццём расчаравання. Так бывае, калі тое, пра што маеш сваё ўяўленне з дзяцінства, раптам убачыш сваімі вачыма. Трохі не такім уяўляла я сабе Ніягарскі вадаспад, не такім абкультураным, уяўляла крыху дзічэйшым, не так старанна прыстасаваным для турызму, уяўляла як з’яву прыроды, а не як сродак вытрасаць з кашалькоў у турыстаў долары.
Выканаўшы запланаваную праграму, мы пакідаем Таронта, ляцім на паўночны захад, у горад Калгары, які знаходзіцца ў правінцыі Альберта.
(468 слоў)
Паводле Л. Арабей.
Похожие статьи:
Казкі Жыцця → Якуб Колас - Вадаспад
Лідзія Арабей → Лідзія Арабей - Мікіткаў сон
Лідзія Арабей → Лідзія Арабей - Мама