Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Нечаканая знаходка
Варыянт 1 (259 слоў)
Вераніка вярталася са школы адна. Ішла праз школьны стадыён, скарачаючы сабе шлях. Раптам заўважыла ўтаптаную ў гразь паперку. Прыгледзелася, аж гэта рублі.
Дзяўчынка ўзрадавалася, падняла грошы. Вырашыла дома памыць і прасушыць іх. Яна ўжо марыла пра тое, на што можна патраціць грошы. «Куплю чыпсаў і пайду да Валянцінкі, – думала яна, – праведаю хворую сяброўку. Не, лепш пакладу на рахунак мабільнага тэлефона. Ці купіць у кіёску прыгожую шпільку ў валасы?» Зрабіўшы дома ўрокі, пабегла да сваёй сяброўкі Валянцінкі. Растлумачыла ёй новае дамашняе заданне, расказала пра школьныя навіны. А пра грошы прамаўчала. Не хацела, каб сяброўка ведала.
Вечарам вярнуўся з вуліцы брат Алесь.
– Ведаеш, – сказаў ён, – Валерык з нашага класа згубіў грошы. На стадыёне, на фізкультуры. Маці дала яму на школьныя абеды. Бедны, шэсць урокаў прасядзеў галодны.
– Няхай не будзе разявакам! – пачырванеўшы, асудзіла Вераніка.
– А мне яго шкада, – паспачуваў Алесь.
Вераніка зайшла ў свой пакой, адчыніла шуфляду і паглядзела на грошы. «Можа, і не Валерык іх згубіў! А калі ён? Нічога, другі раз пільнейшы будзе! Не аддам!» – вырашыла дзяўчынка.
Яна старалася не думаць больш пра Валерыка. Але ўявіла, як сядзіць ён галодны ў класе, як сварылася маці, калі расказаў пра згубленыя грошы. І ёй стала шкада Валерыка. Усю ноч варочалася з боку на бок, не магла заснуць.
Раніцай дзяўчынка рашуча забрала грошы з шуфляды. Паклала іх у кішэньку ранца і рушыла з братам у школу. У калідоры ўбачыла Валерыка. Твар у яго быў сумны. Вераніка падышла да хлапчука і працягнула грошы:
– На, Валерык, я знайшла іх учора на стадыёне. Ведаю, гэта твае грошы...
У яе нібы камень зваліўся з сэрца.
Варыянт 2 (110 слоў)
Вераніка вярталася са школы праз стадыён. Раптам заўважыла ўтаптаную ў гразь паперку. Прыгледзелася і ўбачыла дзесяць тысяч рублёў. Дзяўчынка ўзрадавалася, падняла грошы. Яна ўжо марыла, на што іх можна патраціць.
Вечарам брат Алесь паведаміў, што на ўроку фізкультуры яго сябар Валерык згубіў дзесяць тысяч рублёў. Маці дала яму іх на школьныя абеды, а ён згубіў. Таму шэсць урокаў прасядзеў галодны.
– Няхай не будзе разявакам! – асудзіла Вераніка.
Яна вырашыла не аддаваць грошы, але падумала пра галоднага Валерыка і засумнявалася. Ёй стала шкада хлопчыка.
Раніцай дзяўчынка ўзяла дзесяць тысяч, паклала іх у кішэньку ранца і пайшла ў школу. На перапынку ўбачыла Валерыка і працягнула яму грошы. Яны ўсміхнуліся адзін аднаму.
Паводле Г. Скаржынскай