Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Неацэнны помнік

   Полацкае княства паспяхова адстойвала незалежнасць ад Кіева. Апроч палітычных і эканамічных выгодаў, гэта давала творчую свабоду дойлідам, жывапісцам, ювелірам, ад якіх ніхто не вымагаў абавязкова арыентавацца на кіеўскія ўзоры. Полацкая зямля – не толькі прарадзіма беларусаў, але і калыска беларускай культуры. Нястомна збіраючы вакол сябе таланты, Еўфрасіння Полацкая стала нашай першаю мецэнаткай.
   Высокі ўзлёт полацкай школы дойлідства засведчыла стварэнне Спасаўскай, або Спаса-Праабражэнскай царквы – неацэннага помніка сусветнай культуры.
   З чым параўнаць яе бялюткае дзіва? З лілеяй у цёплай завоіне блізкай Палаты? З казачнаю птушкаю на зялёным поплаве? З журботна светлай мелодыяй?.. А як выказаць словамі стан душы, якая тут нібыта выпростваецца і замірае, рыхтуючыся дакрануцца да Вечнасці?
   …Для Еўфрасінні і яе сучаснікаў храмы былі вобразамі і мадэлямі Сусвету. У іх увасабляліся ідэалы хараства і гармоніі. Калі палачане ўбачылі новы сабор без рыштаванняў, іх агарнулі пачуцці, сугучныя адчуванням візантыйца Міхаіла Псёла, які ў сваёй «Хранаграфіі» пісаў: «Вока нельга адвесці не толькі ад невыказнай прыгажосці цэлага, з цудоўных частак сплеценага, але і ад кожнае часткі паасобку…»
   Вядомы расейскі гісторык Леанід Аляксееў называе будаўніцтва Спасаўскага сабора найбуйнейшаю падзеяй полацкага і ўсяго старажытнага ўсходнеславянскага дойлідства. Здарылася гэта падзея недзе паміж 1152 і 1161 гадамі. Князёўна-ігумення была і фундатаркаю змураванага неверагодна хутка, за адзін будаўнічы сезон, храма, і дарадчыцай, натхняльніцай Іаана на творчы подзвіг.
(232 словы)

Паводле У. Арлова

 

Похожие статьи:

ПераказыПолацкая зямля

ПераказыСафійскі сабор

ПераказыМы родам адсюль

ПераказыСкрозь стагоддзі

ПераказыРадзіма душы