Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



На такавішчы

   Зноў тужліва закігікала на бліжнім балоце кнігаўка і высока ў небе дробненька замаркатаў бакас. Ім весела абазваўся сваім пругкім посвістам краншнэп. I раптам пасля гэтага ўсё сціхла, заглухла, нібы на зямлі не засталося нічога жывога.
   Калісьці дзядзька Ціхон растлумачыў мне, што такі перапынак, такое агульнае маўчанне бывае ў птушак вясною штораніцы. I якраз незадоўга перад усходам сонца.
   Стараючыся не зварухнуцца, я пазіраў праз калматыя шчыліны будана туды, дзе хвіліны дзве таму назад заўважыў цецерука. Ён па-ранейшаму стаяў незварушна, высока падняўшы галаву, насцярожаны, маўклівы. I зусім блізка!
   Нарэшце ён залопаў крыламі і зашыкаў, падскокваючы на месцы. Яшчэ праз момант галава яго прыгнулася, хвост разгарнуўся шырокім веерам. Звонка клекатнула ў яго горле...
   Праклінаючы сябе за нястрымную паляўнічую страсць, якая часта глушыць у табе ўсё разумнае і чалавечае, я ў нейкай ліхаманцы прасунуў рулю1 між яловых лапак і націснуў на спуск...
   Цяпер я мог варушыцца. Той, каго я доўгі час сцярогся, ляжаў нерухома чорнай купінай. I я варушыўся, прыглядаўся да ўсяго, што робіцца на такавішчы. Стараўся заглушыць нейкае нядобрае, нават брыдкае пачуццё да самога сябе. Я чамусьці нецярпліва пачаў чакаць, калі ж грымне са сваёй ламанкі дзядзька Ціхон.
   Ужо ўзышло сонца, і мне ўсё відаць было вельмі добра. На вялікай паляне, акаймаванай маладым бярэзнікам, такавала каля дзесятка цецерукоў. Каля другога будана адбывалася сапраўдная вайна. Біліся два цецерукі. Яны, як каршуны, люта каціліся адзін на аднаго, у паветры белымі маланкамі мільгалі разгорнутыя вееры хвастоў, мне здалося, што нават лятала пер’е. Потым адзін цецярук прыгнуў галаву і рынуўся ад другога наўцёкі проста ў будан дзядзькі Ціхона... Пераможца ўзняўся ў паветра, каб зараз жа сесці на самым версе дзядзькавага збудавання. I толькі ён сабраўся ўрачыста заспяваць, як пераможаны выскачыў з другога боку будана і памчаўся ад яго як мага далей.
   Няўжо дзядзька Ціхон не бачыў, не чуў, што рабілася каля яго будана, што робіцца зараз над яго галавой? Гэта ж можна ціхенька працягнуць угору руку і схапіць разбойніка жывога за ногі! Чаго дзядзька Ціхон марудзіць? Ці не здарылася што з ім? Бо як ён, здаровы, мог спакойна вытрымаць гэтае бушаванне неўгамаванай дзічыны!..
   Сонца значна паднялося над небасхілам. Такаванне канчалася. Цецерукі адзін за адным разляталіся з паляны. Адчуўшы позні час, шыбануў у лес і цецярук дзядзькі Ціхона. I тады з будана паказаўся гаспадар.
   – А я ўжо думаў, што вы заснулі. Нават горш, можа, захварэлі. Чаму вы не стралялі?
   Дзядзька Ціхон хораша ўсміхнуўся сам сабе. Адказаў, чапляючы на плячо стрэльбу.
   – Настраляўся я, брат, за свой век. А тут ніяк не мог узняць стрэльбы. Бачыў? Яны ж дурэлі і ганяліся адзін за адным, як дзеці!..
(416 слоў)

Паводле М. Паслядовіча