Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
На скрыжаванні
Цягнік спыніўся. Людзі ў вагоне замітусіліся, і яна таксама заспяшалася. Па-вясковаму завязала хустку, узяла чамаданчык і пачала праціскацца да выхаду. На пероне жанчына разгубілася, нейкі час стаяла нерухома, азіраючыся па баках. Яна кагосьці выглядвала ў незнаёмым натоўпе.
Калі перон апусцеў, старая выйшла на прывакзальную плошчу. У нейкага сустрэчнага жанчына нясмела запыталася, як знайсці вуліцу Рэвалюцыйную. Той параіў даведацца ў міліцыянера, што стаяў каля шкляной будкі.
Міліцыянер павучальным тонам растлумачыў, дзе знаходзіцца патрэбная вуліца. Старая падзякавала, намерылася ўжо ісці, але, павагаўшыся, прамовіла няўпэўнена:
– Скажыце, добры чалавек, ці ведаеце вы Кульбіцкага Трахіма?
– Ведаю такога, – адказаў міліцыянер.
Жанчыне хацелася расказаць, хто яна Трахіму, але міліцыянер, відаць, не меў ахвоты ўдавацца ў лірыку, казырнуў і павярнуўся да шкляной будкі. Старая не пакрыўдзілася на гэту няветлівасць, бо адчувала сябе шчасліваю.
Цяпер жанчына ішла па горадзе з іншым настроем. Яна нібы бачыла побач з сабою сына. Старая акідвала позіркам стракатыя вітрыны, зацікаўлена праводзіла вачыма тралейбусы, дзівілася мноству людзей на вуліцах, чысціні тратуараў.
За ўсё сваё жыццё Ганне не даводзілася быць у такім вялікім горадзе. Яна жыла ў ціхай вёсачцы, многа разоў была ў райцэнтры, у Бабруйску, але ні раённы гарадок, ні Бабруйск не маглі раўняцца з гэтым агромністым горадам.
Неўзабаве жанчына ўжо ўваходзіла ў двор таго дома, дзе жыў Трахім. Убачыўшы маладога чалавека ў міліцэйскай форме, старая запыталася, ці не ведае ён, дзе жыве Трахім Кульбіцкі. Чарнабровы хлопец паказаў на дзверы, але папярэдзіў, што Трахім на пасту. Даведаўшыся, што прыехала маці Трахіма, хлопец запрасіў яе да сябе ў пакой, пазнаёміў з жонкай. Міліцыянер амаль адразу падаўся па сваіх справах, і Ганна засталася ўдваіх з маладой жанчынай. Пілі чай, Ганна апавядала пра тое, як дабіралася сюды.
Раптам старая спытала, ці можна пайсці да Трахіма. Гаспадыня згадзілася яе правесці, і Ганна заспяшалася на вуліцу.
Ідучы поруч з маладой жанчынай, старая думала пра Трахіма. У сына жыццё не ладзілася. Толькі тры гады правучыўся ў школе, як пачалася вайна, і Трахім падаўся ў партызаны. Калі вайна скончылася, у школу вярнуўся неахвотна. Правучыўшыся год, перабраўся ў горад. Марыў паступіць на курсы шафёраў, але не вытрымаў экзаменаў. Хутка прыйшла пара служыць у арміі, а пасля службы сын напісаў, што паступіў працаваць у міліцыю.
Неўзабаве жанчыны падышлі да скрыжавання. Тут перасякаліся дзве магістралі. На вуліцах было людна і шумна. Нібы навыперадкі, праносіліся хуткія аўтамабілі.
Пасярэдзіне праспекта, між двух радоў машын, што імчаліся няспыннай плынню, стаяў невысокі чалавек у міліцэйскай форме. Па тым, як ён трымаў галаву, па загарэлай шыі маці пазнала сына. Першым адчуваннем Ганны была не радасць, а непакой аб тым, каб якая машына выпадкова не зачапіла яго. I тут маці ўбачыла, як Трахім узняў руку, у якой нешта трымаў, і плынь машын стала. Ён паказаў рукой у той бок, дзе быў зялёны бульвар, і машыны пакаціліся па вуліцы. Яна глядзела то на машыны, што чакалі яго дазволу ехаць, то на свайго сына. Трахім памужнеў, падрос. У яго зусім мужчынскі твар, строгасць у позірку. Сын зноў павярнуўся і, падняўшы ў руцэ маленькі кіёчак, паказаў, што можна ехаць. I плынь машын хлынула па нагрэтай сонцам вуліцы.
Калі б ён быў міністрам, яго аўтарытэт не мог бы ўразіць больш. Там сіла чалавека выяўляецца не так яскрава. Тут жа ўсё было на віду. Дзясяткі людзей падпарадкоўваліся кожнаму яго руху, выконвалі кожны яго загад. Усе ехалі туды, куды ён паказваў, усе спыняліся, як толькі ён хацеў гэтага.
Сэрца Ганны перапаўняла адчуванне велічы ўбачанага. Ёй здавалася, што і пешаходы, і пасажыры ў тралейбусах, і ліпы, і вокны дамоў, і сіняе неба – усё глядзіць на яго, на яе Трахіма!
I ёй захацелася плакаць.
(577 слоў)
Паводле I. Мележа.
Похожие статьи:
Іван Мележ → Васіль Дзяцел і Ганна Чарнушка як мастацкія тыпы ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"
Іван Мележ → Іван Мележ - Здарэнне
Іван Мележ → Іван Мележ - Спатканне за горадам
Іван Мележ → Беларуская вёска ў часы калектывізацыі ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"
Іван Мележ → Палеская хроніка. Людзі на балоце. Частка першая