Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



На сенакосе

   Васіль ехаў цяпер пануры, паглыблены ў свае думкі. Ён наогул быў схільны да развагі, не любіў вельмі адкрываць сваю душу, асабліва калі ў ёй варушыліся думкі невясёлыя і нядобрыя. Пахістваючыся, крыху горбячыся, хмурачы яшчэ дзіцячы лоб, ён міжвольна прыгадваў, дзе і калі Ганна казала што-небудзь крыўднае, думаў, як аддзячыць ёй. У думкі гэтыя хутка ўпляліся іншыя: спачатку пра старую, патлелую ў зямлі супоню, стары хамут, потым пра небараку Гуза.
   Калі б быў у Васіля хоць такі канёк, як у Чарнушкі. Таксама не бог ведае што, не раўня таму, якога прывёў стары Корч з мазырскага кірмашу зімою, а ўсе-такі конь як конь.
   Калі Васіль пад’ехаў да сенажаці, Чарнушка ўжо выводзіў з аглабель распрэжанага каня. Хведзька, прысеўшы наўколенцы, штосьці зацікаўлена разглядаў у траве, а Ганна перакладвала пад калёссе біклажку. Васіль знарок адвярнуўся, каб не глядзець у яе бок, але міма яго ўсё ж не прайшло ні тое, што яна рабіла, ні тое, як яна зірнула на яго. Зірнула з усмешачкай, і Васілю здалося, што з яе язычка зноў сарвецца штосьці кплівае, крыўднае.
   Яна прамаўчала.
   Трава была небагатая, найбольш асака. «Эх, удзялілі дзяляначку», – падумаў ён і ўспомніў, як крыўдавала маці, вярнуўшыся дамоў пасля падзелу. «Ведамо, адна, без чалавека. Няма каму пастаяць... Нічога, ето апошні раз. Цяпер я вазьмуся, няхай паспрабуюць зрабіць яшчэ так!.. Праўда, у Чарнушкі таксамо надзел не лепшы. Што ж, ён сам вінаваты! Ціхі занадто. Яму хоць палец у рот пакладзі!.. Няхай сам абабіваецца, калі такая ўрода!.. А Васіль не дасць, каб клалі палец у рот. Не папусціцца!..»
   Нагам стала мокра. Спачатку вада толькі чулася, дзе пасталы ўціскалі пакошу, потым стала хлюпаць між куп’я. Неўзабаве Васіль ужо ўвайшоў у ваду, якая абступіла, нібы нанова абгарнула ногі.
   Вось што добра – вада цёплая.
   Касіць тут не тое, што на сухім месцы. Запытай любога куранёўца, і ён табе скажа, што Мокуць – чортава месца, гіблае для касца.
   Усё мацней угравала. Пот мачыў цвёрдыя, двух колераў валасы, поўз на лоб, абпалены сонцам, засцілаў вочы, цёк на кволыя, яшчэ амаль дзіцячыя грудзі, прыклейваў да спіны ўшчэнт змакрэлую сарочку.
   Каса станавілася ўсё цяжэйшай. Рукі наліваліся ўтомаю, балелі ў локцях і плячах, слабелі, нагам было млосна. Млосць расплывалася і па ўсім целе. Хацелася сесці.
   Але Васіль не сеў. Ён трываў. Гэта было ўжо не ў навіну – цярпець, адольваць стому, адганяць прываблівую спакусу пагуляць, паленавацца.
   Гэтаму яго вучыла маці, вучыў небагаты і немалы горкі вопыт.
(390 слоў)

Паводле І. Мележа.

Похожие статьи:

Іван МележПалеская хроніка. Людзі на балоце. Частка першая

Іван МележБеларуская вёска ў часы калектывізацыі ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"

Іван МележВасіль Дзяцел і Ганна Чарнушка як мастацкія тыпы ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"

Іван МележІван Мележ - Здарэнне

Іван МележІван Мележ - Спатканне за горадам