Нечакана для сваякоў Максім Багдановіч праявіў упартасць і, паклаўшы ў маленькі фанерны баульчык некалькі кніжак, рукапісы, развітаўся і сабраўся ў Беларусь. Ён нават не хацеў, каб яго праводзілі на вакзал, але бацьку ў гэтым ён не мог адмовіць.
Поезд набаўляў хуткасць. Пэўны час Максім глядзеў у акно, але стаміліся вочы, і ён пачаў пазіраць на пасажыраў. Жавалі, прычмоквалі, глыталі, аблізваліся, смакталі ўсе ў вагоне. Размовы пра продаж і набыццё маёмасці, быццам і не было вайны.
Злосць і агіда пачалі душыць Максіма. На станцыі ён перайшоў у вагон трэцяга класа, напоўнены дробным людам, салдатамі, сялянамі. Багдановіч паставіў на падлогу баульчык і апусціўся на яго. І тут яго ўзяў кашаль…
Максім доўга не мог гаварыць, ён толькі слухаў. Праз гэты прыступ усе да яго паставіліся даверліва і апавядалі пра свае турботы. З гэтых апавяданняў паўставала перад паэтам народнае гора – маўклівае, шэрае, няўхільнае.
А за вокнамі была ўжо Беларусь – вузкія палоскі зямлі, узгоркі з соснамі, дзікая груша сярод поля, саламяныя стрэхі…
Недалёка ад Мінска поезд спыніўся. Максім Багдановіч выйшаў з вагона. Чыгунку пераразала дарога, і па ёй бясконцай чарадой цягнуліся калёсы, пешаходы, прывязаныя да вазоў каровы. Ён пераходзіў ад воза да воза, слухаў жанчын, дзяцей, старых, і яго мучыла пытанне: паэт, што ты зрабіў для шчасця народа? На адным з вазоў сядзела дзяўчына гадоў сямнаццаці і чытала кніжку. Паэт хацеў даведацца, што дзяўчына чытае, але яна адказала жартам.
– Хоць імя сваё скажыце, – засмяяўся паэт.
– Вераніка, – ціха прамовіла дзяўчына. – А ваша?
– Ахрысцілі Максімам.
Дзяўчына паднялася. На твары было здзіўленне.
– Кніжку напісаў таксама Максім, – узрушана прамовіла яна. – Па-нашаму напісана кніжка. Назва яе "Вянок".
Ён хацеў нешта сказаць, але не паспеў. Воз з дзяўчынай праплыў перад яго вачыма і знік. На яго месца прыйшлі шэрыя світкі, вазы, коні.
(284 словы)
Паводле Б. Мікуліча
Похожие статьи:
Максім Багдановіч → Максім Багдановіч - Маёвая песня
Максім Багдановіч → Максім Багдановіч - Вадзянік
Максім Багдановіч → Творчасць Максіма Багдановіча
Максім Багдановіч → Максім Багдановіч - Страцім-лебедзь
Максім Багдановіч → Патрыятычная лірыка Максіма Багдановіча