Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



На заводзе

   Яшчэ звечара Аленка сказала маці, што ёй трэба пайсці на завод, пабачыць, як працуюць там людзі, як, галоўнае, працуе яна, яе маці, і потым выступіць на вучнёўскім сходзе ў школе. Так вырашыў савет школы: правесці тэматычны вечар, на якім вучні раскажуць аб працы сваіх бацькоў.
   Аленчына маці працуе на заводзе шкловалакна аператарам цэха электрапечаў. Заводскія карпусы з вялізнымі вокнамі і блішчастым дахам Аленка бачыць штодня. Завод стаіць за Дзвіною, над самым берагам. Калі запальваюцца агні, высокія вокны, дах так і зіхацяць ад электрычнага святла. Вада адразу нібыта ўспыхвае каляровай вясёлкай, і плынь паціху гайдае адбіткі агнёў. I тады здаецца, што па рацэ плыве дзівосны карабель.
   Пачуццё пачцівай павагі да прадпрыемства і здзіўлення перад тым, што там вырабляецца, авалодала Аленкаю, калі яна ішла з маці на завод. Гонар і гордасць ад таго, што вось яна, школьніца, хутка пойдзе ў цэх, пабачыць розныя машыны, пра якія ўжо столькі начулася ад маці, а потым раскажа пра ўсё на вечары ў школе. А думка пра тое, ці здолее яна, Аленка, выступіць на тым вечары цікава і змястоўна, трывожыла.
   На заводскім ганку, шырокім, з цэментаванымі парэнчамі, яны ўліліся ў натоўп хлопцаў і дзяўчат. Чуліся вясёлыя жарты, людзі ішлі хутка, перагаворваліся. У вестыбюлі было шумна, ішлі яны хутка, але Аленка паспела заўважыць і медыцынскі пункт на другім паверсе, і адчыненыя дзверы сталовай, і нават тое, што на кожным століку там стаяць у чырвоных пукатых вазах невялічкія букеты белых рамонкаў.
   Цэх электрапечаў здзівіў. Чыста, светла. Але дзе ж тыя печы, бо цэх жа электрапечаў? У два рады стаялі вялізныя чорныя каробкі, і над кожнай – вузкія лямпы дзённага святла.
   Яны спыніліся ля печы ў пятым радзе. Аленка і не заўважыла, калі і як закруцілася на шчытку шпулька, якую называюць яшчэ бабінай. Маці працавала роўна і зладжана, глуха гулі вентылятары ў чорных шырокіх трубах. Аленка старанна прыглядалася да электрапечы, уважліва назірала за тым, што робіцца навокал. Мінуў зусім кароткі час, але дзяўчынка, як гэта ёй здалося, зразумела шмат чаго з нязнанага раней жыцця цэха.
   Нарэшце маці дала дачцэ шкляную палачку і сказала рабіць, як яна. Аленка трымала палачку ў руках з адчуваннем незвычайным і дзіўным. Хацелася зрабіць тое, што казала маці, і было страшнавата дакрануцца да тых танюсенькіх празрыстых нітак расплаўленага шкла, што цяклі са ста танюткіх дзірачак. Потым Аленка асмелілася і паспрабавала сабраць тыя ніці шкляной палачкай, але гэта ёй не ўдавалася – ніці рваліся. Не атрымлівалася зачапіць і нацягнуць усе ніці адразу другі і трэці раз, і ля яе ног назбіралася ўжо цэлая капа тонкай белі. А шпулька круцілася вельмі хутка, нібыта набірала разгон.
   Аленка зноў узяла палачку, ціха звяла ўсе ніці ў адзін пучок і падвяла да шпулькі. Шпулька нечакана падчапіла ніці і закруцілася. Ніці, здавалася, і не рухаліся зусім, але шпулька хутка і роўна таўсцела. На душы было хораша, радасна.
   I гэта добрае пачуццё напаўняла Аленку і пазней, калі яна, развітаўшыся з маці, пайшла з цэха. I было шкада, што трэба ісці, і яна сказала сабе, што прыйдзе сюды зноў, што, можа, увогуле будзе калі-небудзь працаваць тут.
   Аленка раптам адчула, што пачынае разумець маці так, як не разумела ніколі дагэтуль. I яшчэ яна ўявіла сабе школу, будучы вечар, на якім давядзецца выступаць, і падумала пра тое, што ёй ёсць цяпер пра што расказаць, што яна будзе расказваць доўга. I гэта яе апавяданне, мажліва, будзе самым цікавым, бо наўрад ці ёсць дзе праца цікавейшая, чым тая, якую робіць яе маці.
(555 слоў)

Паводле А. Савіцкага.

Похожие статьи:

ПераказыПраца тваіх рук

ПераказыПераможныя крылы «Нармандыі – Нёман»

ПераказыМастацтва служэння дабру

ПераказыМіхаіл Савіцкі

Артур ВольскіАртур Вольскі - Сталяры