Ці былі вы калі-небудзь у лазні? Ці дыхалі гарачым паветрам, ад якога, здаецца, займае дух? Такое адчуванне было ў турыстаў, калі яны трапілі ў Каір.
Сонца пякло так, быццам сабрала ўсю сваю гарачыню і спусцілася бліжэй да зямлі. Хоць бы воблачка яго прыкрыла, хоць бы ветрык падзьмуў! Вогненны шар над галавой і распалены асфальт пад нагамі.
Аўтобус імчаў па вуліцах Каіра. Сярод суцэльнага патоку чорна-белых машын рухалася каляска на двух вялікіх колах. На калясцы ляжала агародніна і сядзеў хлопчык. Цягнуў яе маленькі ішак з пацеркамі на шыі.
Раптам усе машыны спыніліся: дарогу павольна пераходзіў вярблюд. На яго гарбе было прымацавана сядло, пакрытае яркімі посцілкамі. На самым версе сядзеў чалавек і горда глядзеў уніз, на людзей і машыны. Не спяшаючыся, вярблюд зайшоў за дамы, і паток машын сарваўся з месца.
Ля тратуараў раслі пальмы. А на тратуарах, нізка схіліўшы да зямлі галовы, стаялі на каленях мужчыны. Быў час малітвы.
Потым аўтобус паехаў уздоўж Ніла, берагі якога былі ўзяты ў граніт. Па рацэ плылі лодкі, гружаныя цюкамі з бавоўнай.
(170 слоў)
(Паводле Г. Васілеўскай)