Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры"
Браслаўшчына – край надзвычай прыгожых азёраў. У іх загадкавых назвах чуваць водгулле старадаўніх легенд, што з пакалення ў пакаленне пераказваюцца мясцовымі жыхарамі. У цэнтры сучаснага Браслава – Замкавая гара. Там ляжыць гранітны валун, на якім змешчаны надпіс: "Замкавая гара з’яўляецца месцам заснавання горада Браслава".
Браслаўскае гарадзішча – адно з самых вялікіх у Беларусі. Археалагічныя даследаванні паказалі, што першыя пасяленні бяруць пачатак з VIII–IX стагоддзяў. Пазней браслаўскія землі апынуліся ў складзе Полацкага княства. Менавіта ў гэты час гарадзішча набыло выгляд умацаванай цытадэлі. Паводле тагачаснай традыцыі цытадэль назвалі ў гонар яе заснавальніка Браслаўля. Праўда, ёсць меркаванне, што ў аснове назвы Браслаў ляжыць слова "брасла". Яно азначае "брод" – месца, дзе можна перайсці цераз раку ці возера.
Гэты дзівосны куток на поўначы Віцебшчыны даўно аблюбавалі турысты. Апошнія дзесяцігоддзі іх колькасць хутка расце. Сярод моладзі асаблівую папулярнасць набыў аўтамабільны турызм. Каб зберагчы навакольную прыроду, папярэдзіць экалагічныя праблемы, урад Беларусі прыняў рашэнне заснаваць Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры". Яго працягласць з поўначы на поўдзень – больш за пяцьдзясят кіламетраў.
У час падарожжаў па Браслаўшчыне зачароўвае маляўнічы і разнастайны рэльеф. Найперш прыцягваюць увагу шматлікія пагоркі самай рознай велічыні і вышыні. Адны стаяць асобна, другія злучаны ў дзіўныя казачныя ўмацаванні. Паміж імі ляжаць люстэркі азёраў.
Браслаўская града – своеасаблівы, створаны прыродай помнік на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Прыблізна дваццаць тысяч гадоў назад на яе месцы ляжаў магутны, у некалькі соцень метраў, ледавік. Геолагі лічаць яго галоўным "архітэктарам" сённяшняга аблічча Браслаўшчыны. Найбольш прыкметныя сляды ледавіка – камы, якія надаюць рэльефу характэрныя рысы. Слова "камы" азначае "грэбень". Камамі называюць пагоркі круглаватай формы. Яны ўтварыліся пры паступовым раставанні ледавіка.
Да маўклівых сведкаў тых часоў адносяцца і камяні. Асобныя з іх нагадваюць сапраўдных волатаў. Напрыклад, самы вялікі валун мае вагу звыш сарака тон. Мажліва, да яго тысячу гадоў назад прыходзілі мясцовыя жыхары, каб пакланіцца язычніцкаму богу Вялесу. Вялес лічыўся ахоўнікам і заступнікам свойскай жывёлы. У народных легендах Вялес вядомы яшчэ пад адным іменем – Волас. Браслаўцы вельмі шанавалі яго. Невыпадкова самыя прыгожыя і самыя глыбокія азёры Браслаўшчыны назвалі Волас Паўночны і Волас Паўднёвы. Вада ў азёрах надзвычай празрыстая і чыстая.
Безумоўна, азёры – галоўнае багацце блакітнавокага краю, яго славутасць. Азёры займаюць значную частку тэрыторыі парку. Яны злучаюцца паміж сабой маляўнічымі рэчкамі, у якіх водзіцца шмат відаў рыбы. Невыпадкова турысты, што наведваюць Браслаўшчыну, доўга ўспамінаюць і смачную юшку, і рыбацкае шчасце. У прыбярэжных мясцінах – птушынае царства, дзе раскашуе больш за сто восемдзесят відаў птушак. З іх многія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Калі пашчасціць, можна на свае вочы пабачыць знакамітых крылатых рыбаловаў.
Прыкладна пяцьдзясят працэнтаў тэрыторыі Браслаўскага парку займаюць лясы. У браслаўскіх лясах знайшлі надзейны прытулак буры мядзведзь, еўрапейская рысь, барсук, воўк і іншыя звяры. Хочацца верыць, што і далей яны будуць сустракацца не толькі на старонках Чырвонай кнігі.
Гэта самыя кароткія звесткі пра Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры". Аднак нездарма людзі кажуць: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Нястомных і цікаўных вандроўнікаў у любую пару года чакаюць маршруты і адкрыцці.
(474 словы)
Паводле У. Ягоўдзіка.
Похожие статьи:
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Жабіны вочкі
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Вялікая сініца і яе сястрыцы