Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Настаўніцкая гордасць

   Я прыехаў працаваць настаўнікам у вясковую пачатковую школу. Без належнага педагагічнага вопыту ўзяўся за працу. У чацвёртым класе аказалася некалькі хлопцаў, якія ростам былі не ніжэйшыя за мяне. Завадатарам у гэтай групе быў Васіль Якімчук.
   У першыя дні вучні слухалі мяне ўважліва. Відаць было, што Васіль і яго сябры прыглядаюцца да мяне, вывучаюць. Але аднойчы адбылося тое, чаго я з першага дня чакаў. Васіль не падрыхтаваў урока па літаратурным чытанні, і я пачаў яго папракаць.
   – А навошта мне гэта літаратура? – прагучаў басавіты голас Васіля. – Усё роўна Пушкіна з мяне не выйдзе.
   Я разгубіўся, вучні глядзелі на мяне, а Васіль тым часам без дазволу адышоў ад дошкі і сеў на сваё месца.
   Васіль добра іграў на гармоніку. Яго гармонік штовечар гучаў на ўсю вёску, моладзь танцавала, вучні таўкліся там, а ўрокаў не рабілі. I пачалося для мяне выпрабаванне. Штодзень вучні спазняліся на заняткі, дрэнна рыхтавалі ўрокі. Васіль Якімчук прыходзіў у школу нават без падручнікаў і сшыткаў, і насупраць яго прозвішча ў класным журнале стаялі адны двойкі.
   Схадзіў я да маці Васіля. Тая і хацела б дапамагчы мне, але што ёй рабіць, калі Васіль даўно ўжо ад рук адбіўся.
   Вырашыць праблему дапамагла музыка. Шчыра кажучы, я зайздросціў свайму вучню, што ён так добра іграе. Аднойчы, калі закончыўся вучэбны дзень, я папрасіў Васіля затрымацца ў школе. Мы засталіся адзін на адзін. Я сказаў:
   – Добра ты іграеш, браце, зайздрошчу я табе. Самому хочацца навучыцца так іграць.
   Васіль здзіўлена паглядзеў на мяне.
   – Ці не мог бы ты па вечарах прыходзіць да мяне, каб навучыць мяне іграць? – спытаў я.
   Васіль, мабыць, не верыў у шчырасць маёй просьбы. Мы пагаварылі паўгадзіны, і хлопец пераканаўся, што ніякай няшчырасці ў маіх словах няма. Увечары ён прыйшоў з гармонікам і пачаў вучыць мяне іграць. Расказаў пра басы, паказаў, як трэба карыстацца мяхамі. Шчокі хлопца пачырванелі ад задаволенасці.
   Я папрасіў Васіля прыйсці заўтра крыху раней і захапіць з сабой гармонік і сшыткі. Так пачалася ў нас узаемадапамога. Ён мяне вучыў іграць на гармоніку, а я дапамагаў яму рыхтаваць урокі. Васіль стаў добра вучыцца і паспяхова здаў экзамены ў сямігодку.
   А з мяне гарманіст не выйшаў. Ледзь-ледзь я навучыўся іграць нейкі вальс.
   Праз год мяне забралі на працу ў раённы аддзел асветы.
   Аднойчы зімовым вечарам я ішоў па вуліцы. Перада мной спыніўся рослы чалавек у шынялі, схапіў мяне ў абдымкі і, прыціснуўшы да сябе, падняў. У мяне ажно дух заняло. Я пазнаў Васіля Якімчука. Той выпусціў мяне са сваіх дужых рук і засмяяўся.
   Якая вялікая настаўніцкая гордасць ахапіла мяне! Васіль шчыра сказаў, што толькі мае музычныя заняткі, мае адносіны паставілі яго на правільны шлях. Ён, генерал-маёр, сам цяпер адказвае за выхаванне байцоў і малодшых камандзіраў. Мы абмяняліся адрасамі і вялі перапіску аж да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
   Мы, настаўнікі, часта атрымліваем лісты ад сваіх выхаванцаў. Гэтыя лісты – дакументы прызнання нашай высакароднай працы.
(462 словы)

Паводле П. Кавалёва.

Похожие статьи:

Сяргей КавалёўСяргей Кавалёў - Драўляны Рыцар

Сяргей КавалёўСяргей Кавалёў - Трышчан ды Іжота

Сяргей КавалёўСяргей Кавалёў - Звар'яцелы Альберт, або Прароцтва шляхціца Завальні

Сяргей КавалёўСяргей Кавалёў. Стомлены д’ябал

Сяргей КавалёўСяргей Кавалёў - Хохлік