Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Народная мудрасць

   Даволі строга прытрымліваліся продкі аднаго: калі што можна і калі што нельга рабіць. Напрыклад, на маладзіку нельга карчаваць зараснікі, бо яны хутка адрастуць, пусцяць парасткі. Нельга крышыць і ставіць на зіму капусту, саліць гуркі, бо ўсё будзе нясмачнае, перакіслае. Затое на маладзіку добра касіць, бо хутка адрасце атава, стрыгчыся. Падчас поўні, калі месяц свеціць, не варта сеяць агуркі, кавуны, гарбузы, гарох, боб, мак, бо яны будуць цвісці пустацветам, але затое ж вельмі добра купляць і выменьваць кароў, сеяць збожжа – будзе поўна ўсюды ўсякага дабра. На астатніх квадрах лепш не пачынаць нічога новага, што павінна весціся, пладзіць, але добра карчаваць зараснікі, лячыць раны – словам, рабіць усё, што мусіць звесціся, згінуць. Без таго, каб не паглядзець на месяц, не рабілася ніякай работы. Па месяцы першы раз выходзілі ў поле, пракладвалі першую баразну, першы пракос, жалі першы сноп.
   Немалую ролю мелі ў жыцці і розныя прыкметы. Па тым, колькі зімою падала снегу, меркавалі, якое, мокрае ці сухое, будзе лета і што ўродзіць, што трэба сеяць, а што не сеяць. Па ясных марозных зімовых днях вызначалася, калі будуць летам сонечныя дні, каб касіць, сушыць сена.
   А вось яшчэ некаторыя з прыкмет.
   Калі ўвосень хутка спадае з дрэў лісце – будзе суровая зіма. Суровай зімы чакай і калі ўродзіць рабіна.
   Многа соку цячэ з бярозы – будзе мокрае лета. Мокрую восень прадвяшчаюць высокія мышыныя гнёзды ў траве.
   На дождж – сабакі капаюць зямлю, купаюцца ў пяску вераб’і, качак не выгнаць з вады, яны ўвесь час ныраюць, мошкі сляпіцаю лезуць у вочы. Да непагадзі – коні трасуць галовамі, куры ўвесь час абшчыпваюцца, ракі выпаўзаюць са сваіх нор, вароны лятаюць чародамі і каркаюць.
   Да добрага надвор’я – камары і мошкі таўкуць мак, птушкі кружаць у небе ўсё вышэй і вышэй, сонца заходзіць ясна, не ў хмару. Калі кот ляжыць пасярод хаты на падлозе – пацяплее.
   На холад – крычаць зяблік, удод. Гусь хавае галаву пад крыло, кошка лезе на печ – таксама на холад. Вецер усхадзіўся – на перамену надвор’я.
   Прыкмет было шмат на розныя выпадкі жыцця. Скажам, калі едзе па вёсцы вяселле і распрагаюцца коні – не будзе шчасця, распадзецца сям’я. Выйшаў з хаты – не вяртайся ўжо назад, нават калі што-небудзь важнае і забыў: не пашанцуе ў дарозе. Кот мыецца – госці будуць.
   Сярод прыкмет, асабліва ў дачыненні да з’яў прыроды, было нямала праўдзівых. Шматгадовыя назіранні прывялі да адкрыцця некаторых заканамернасцей. I цяпер, у наш час, многія з іх пацверджаны навукай, вызначана, на падставе чаго яны былі адкрыты. Дарэчы, многімі з іх карыстаюцца ў сваёй штодзённай практыцы і цяпер тыя, хто жыве ў вёсках і не забываецца на народную мудрасць.
   Народны каляндар і прыкметы нічога агульнага не маюць з забабонамі, якія на Палессі бытавалі і бытуюць спрадвеку. Яны звязаны хутчэй з недахопам ведаў, а яшчэ вось з чым: некаторыя лічылі і лічаць цяпер, што ўсё, што нас акружае – трава, дрэвы, жывёла, – такія ж жывыя істоты, як і сам чалавек, і маюць вушы, каб чуць, вочы, каб бачыць, голас, каб гаварыць. I мы іх не разумеем толькі таму, што нам не дадзена гэтага.
(487 слоў)

Паводле Б. Сачанкі.

Похожие статьи:

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Зерне і млын

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Ля даўняга селішча

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Хлеб

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Сляды

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Карчоўнік