Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Нарачанская легенда

А глянеш навокал – такая краіна:
Дзе ступіш – то рэха, то казка, быліна...

М. Танк.



   Нарач хінецца да ног. Дзень шчодра наліты золатам восені. Між двух блакітаў, небам і плёсам, палаюць яркалістыя кастры прыазёрных лясоў. Раз-пораз лясы расступаюцца, даюць утульны прытулак вёскам.
   Да людзей, да іх цёплага жылля імкнуцца дарогі, закалыханыя жытам. I цяпер спакойна тут, ля Нарачы, угаманілася, аціхла стыхія летніх нашэсцяў. Нарач адпачывае. Яе плёсы ў чаканні неўтаймаваных асенніх вятроў. Свет яе патаемных глыбінь вытканы з праменнага сонца і асенніх фарбаў.
   З даўніх стагоддзяў імкнуць яе ўспененыя хвалі, чыстыя, як сама душа беларуса. I хочацца гукнуць ім на ўсе грудзі, і чайкам, што віюць па-над возерам сваё радаслоўе, і сонцу, якое так шчодра, нібы дзяцей, ахінае іх вечнай лагодай:
   – Адкуль, з якіх паданняў ты родам, Белая Русь?
   Белая – значыць вольная. Значыць, незаплямленая на ўсіх шляхах складанай гісторыі, гордая і непахісная ў мужнасці, чыстая-чыстая ў першых снягах на світанку, у сівізне аблокаў, што, як здані продкаў, праходзяць нябёсамі і клічуць у вечную вандроўку сівых як лунь дзядоў.
   – Памятай, растраціш скарб іхні – бяздомнікам станеш, – мне, нашчадку, гаворыць Белая Русь.
   А я з гонарам за век свой крылаты гавару:
   – Успомніце, як між зорак гартаў Клімук коласаўскі томік. Там, за прыцягненнем планеты, не страчана прыцягненне нашай Белай Русі.
   А Нарач лашчыцца да ног, лашчыцца сама сівая легенда...
   Не было Нарачы тут. Не было гэтых прыбярэжных бяроз, надрыўнага крыку чаек і выбеленых стагоддзямі аблачын. Была зямля, гіблая і чорная, як і яе абрабаваная доля. I жыла на гэтай зямлі непрыгожая, як і сама зямля, дзяўчына Алёнка. Але душой была яна святлейшая за самы белы дзень – столькі непрыкметнага хараства таілася ў ёй. Радаваліся дзявочай дабрыні простыя людзі. Не раз сушыла Алёнка чужыя слёзы горкай нядолі. I ўсім сэрцам пакахаў яе хлопец-прыгажун.
   Ды былі сярод людзей і нядобрыя, злыя людзі. Балюча дакаралі яны хлопца, павучалі яго:
   – Вачэй мець не трэба, каб бачыць, якая ж яна брыдкая, твая абранніца.
   Захлынулася пакутнаю журбою раненае сэрца. Да світальных зор насіў хлопец па зямлі горкую скруху, і яна лілася з сэрца тужлівай песняй. I столькі непадробнага пачуцця было ў яе простых словах, столькі жадання надзяліць прыгажосцю ўвесь свет! Кранула песня сэрца добрага чараўніка, і ён, расчулены цудоўнымі гукамі да слёз, вырашыў дапамагчы хлопцу ў яго бядзе і падарыў яму чароўнае люстэрка.
   Паглядзела ў люстэрка Алёнка – прыгажуняй няпісанай стала. Пасвятлела на чорнай зямлі ад яе дзівоснай красы. У сведкі да іх шчасця клікаў хлопец усіх добрых людзей, і ўпершыню сэрца яго спявала пра шчасце.
   Аднак нядоўгім было яно. Дачуўся пра цуд гэты магнат з палаца. Зайздрасцю засвяціліся сквапныя вочы, калі паланянка-прыгажуня пераступіла княжацкі парог.
   – Гэты скарб за ўсё маё даражэйшы, – адно і сказаў стары князь. Каханых разлучылі.
   Праклінаючы сваю прыгажосць, Алёнка жорстка пакарала ў палацы чароўнае люстэрка. У гулкім вясельным гомане пырснула яно дробнымі асколкамі-промнямі. I там, дзе ўпалі асколкі, імгненна ўзнікла крыніца, забілася ўспенена, бурна, як дзявочая нянавісць. Пад хвалямі, празрыстымі і светлымі, як само каханне, хавала яна княжацкі палац. А калі пенныя хвалі ўлагодзіліся, вачам людзей адкрыўся цуд: ляжала перад імі вялізнае возера з блакіту і зор. I той, хто глядзеўся ў яго, прыгажэў душой.
   А Нарач хінецца да ног. Можа, пра гэта хоча расказаць нам?..
(505 слоў)

Паводле М. Мятліцкага.

Похожие статьи:

ПераказыНоччу на Нарачы

Максім ЛужанінМаксім Лужанін - Запрашэнне на возера Нарач

ПераказыНа беразе Нарачы

ПераказыПра возера Нарач

Віталь ВольскіВіталь Вольскі - Беларускае мора