Варыянт 1
Адшумелі свой час неспакойныя восеньскія вятры. Нізкія, мітуслівыя хмары выплакалі халодныя слёзы.
Кароткія, змрочныя дні наводзілі паныласць і смутак, прыгняталі добры настрой і адчуванне.
І вось у адзін дзень бязладныя, неспакойныя хмары падняліся вышэй, зрабіліся болей тугімі. Падзьмула з поўначы здаровым халадком. Зямля сушэла, пакрывалася цвёрдаю скарынкаю. А пад поўнач пасыпаў сняжок, спорны, густы і сухі. Снег ішоў усю ноч і ўвесь заўтрашні дзень. Пад вечар снег суняўся. На захадзе бліснула журботная ласкавая ўсмешка сонца і патухла. У небе засвяціліся першыя зоркі. Прыціснуў мароз... Бель сляпіла і адбірала вочы. Лес пасвятлеў, пабялеў і пазбыўся свае хмурай панурасці пад белай чысцюткай посцілкаю. Кашлатыя лапы ялін гнуліся пад халодным пластом снегу, а маленькія елачкі на ўскрайку лесу і пні панадзявалі пышныя белыя шапкі і хаваліся пад імі.
(106 слоў)
Паводле Я. Коласа
Варыянт 2
Разагнаў вецер з неба хмары, і глядзіць яно халодна і сярдзіта. Сярдзіты вецер як нажом рэжа ў твар, забівае дух. Сонца блісне на некалькі гадзін на краі неба і зараз жа хаваецца. Чырвоныя слупы на захадзе граюць на небе халодным полымем. Гэтыя слупы значаць на вялікі мароз. Шыбы мужычых вокан замуроўваюцца марозам. Якіх толькі цацак не наклаў ён на шыбы! Белыя лапы, як дубовае лісце, густа налазяць на вокнах адна на адну. Дым шырока і роўна звісае, як слуп, над комінамі і з вялікай цяжкасцю падымаецца ўгору, і там сплываецца ў цэлую белую хмару. Сані скрыпяць і пішчаць, і спяваюць песні пад дудку марозу.
Сярдуе мароз. Гуляе па даху, сціскае яго ў сваім халодным абдыманні так, што той стогне і трашчыць. Нікога не шкадуе мароз, усіх ён цісне; бегае па лесе, пераскоквае з аднаго дрэва на другое. Усё пахавалася, і ходзіць мароз адзін, нікога не баіцца, усіх пужае.
(148 слоў)
Паводле Я. Коласа
Похожие статьи:
Кастусь Жук → Кастусь Жук - Беларуская зіма
Пераказы, дыктанты → Хутка зіма
Кастусь Жук → Кастусь Жук - Снежань
Пераказы, дыктанты → Зімой у лесе (Паводле Я. Галубовіча)
Ларыса Геніюш → Ларыса Геніюш - На каньках