Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Надыход восені (Паводле К. Чорнага)

   Добра было ў раннюю восень у калгасе. З поля прыбіралі багаты ўраджай, сеялі жыта. На адным палетку яшчэ ляжалі снапы позняга аўса. На паплавах гатова была да касьбы атава. Яшчэ цвілі палявыя кветкі, а на месцы тых, што адцвілі ў канцы лета, даспявала і сеялася на зямлю насенне – чорныя, шэрыя і жоўтыя зярняты, якімі так любяць ласавацца дробныя птушкі: шчыглы, чыжы.
   І нават шустры верабей, які прывык да сытай спажывы дзе-небудзь на калгаснай стайні ці гумне, вылятаў за сады і агароды і весела раздзёўбваў у густым зеллі спелыя галоўкі з зернем. Павучкі плялі белае лёгкае павуцінне, яно лётала ў паветры і чаплялася за траву і галлё. Гэта была адзнака таго, што доўга будзе стаяць яснае надвор’е.
   Вечарамі ўзыходзіў поўны месяц. Спачатку ён быў чырвоны і стаяў нізка над зямлёй. Здавалася, што ён ляжаў на прырэчных кустах ядлоўцу, крушыны і алешыны, у тым месцы, дзе на высокім беразе быў высечаны лес. Пасля месяц узыходзіў вышэй, рабіўся жоўты, а калі паднімаўся высока, зусім бляднеў і такі белаваты быў ужо да самага канца ночы. А начамі павяваў здаровы і прыемны халадок, якога баяліся надакучлівыя камары.
   Яны не лёталі і не кусаліся, а сядзелі абмярцвелыя ў шчылінах і пад лісцем.
   Увосень ночы халодныя і доўгія. Калі хмары не закрываюць месяца, зорнае неба, чыстае і высокае, усю ноч зіхаціць сваім ясным хараством. На полі відаць далёка. Ці лес, ці асобнае дрэва, ці хата здалёк будзе чарнецца, хоць і нельга адразу выразна бачыць ці нават здагадацца, што гэта такое. На высокім беразе вышэй за ўсе кусты ўзнімалася маладое дрэўца. Гэта была асіна, і год ёй было каля дзесяці. У такія ясныя ночы яна была відаць здалёк.
(272 словы)

 

Паводле К. Чорнага

 

Похожие статьи:

Ніна МацяшНіна Мацяш - Восень

ВВосеньскія песні

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Залатая, асенняя раніца...

Алесь СалавейАлесь Салавей - Восень

Алесь ГарунАлесь Гарун - Восень