Бор пачынаецца з берага стройнымі соснамі, якія ўтвараюць суцэльную сцяну. Гэта яшчэ маладыя сасонкі, але яны ўжо дружна ўзняліся ўгору. Зямля пад імі густа ўслана рыжымі іголкамі. Праз такую шурпатую посцілку прабіваецца трава. А дзе промні сонца пранікаюць да самага долу, чырванее сунічка. Месцамі туляцца кусты чарнічніку.
Калючая сцяна ў тым месцы, дзе знаходзіцца вусце дарогі, ледзь-ледзь расступілася. Між збуялага ляшчэўніку ляжыць вялікая лужына з глыбокімі каляінамі, што выпаўзаюць з лясных нетраў. Канца няма ёй, гэтай дарозе, як і няма канца-краю ўшыркі яму, бору.
Калі выходзіш з яго змроку на бераг, далей знаходзіцца чыстае поле. Вочы адбірае ясны прастор. Праўда, сям-там на полі падступаюцца да ўскраіны бору адзінокія дубы-вартаўнікі.
Вечарэе. Над курганамі, над дубамі павісла залаціста-ружовае неба. Цёплае паветра нагрэта за дзень шчодрым ліпеньскім сонцам, якое яшчэ не схавалася за лесам. На ўзлеску прыемны халадок. Пахне смалою. Ціха і спакойна.
(140 слоў)
Паводле І. Грамовіча
Похожие статьи:
Артур Вольскі → Артур Вольскі - Зялёны Бор
Пераказы, дыктанты → Летам у бары