Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Навучы мяне лятаць!

   Ад нашай школы да нашага дома – пяць дамоў. Але дадому мне не хацелася: трэба аддаваць запіску ад Марыі Сяргееўны. У шэсць гадзін будзе бацькоўскі сход. А яшчэ ў запісцы прыпісана знізу: «Пагаворым і аб паводзінах вашага Жэні».
   «Пагаворым аб паводзінах...» А што я такога зрабіў, каб гаварыць аб маіх паводзінах на бацькоўскім сходзе? Я нікому не замінаў пісаць, сядзеў ціха-ціха, як мыш пад венікам. Праўда, я не пісаў і не слухаў, што настаўніца казала. Я думаў тады, чым здзівіць вучняў на перапынку.
   Бабуля спачатку ўзяла запіску, а потым узялася за сэрца.
   – Ой, дык гэта ж пара ўжо ісці на сход!.. – забегала яна. – А Марына з садзіка не прыведзена, не накормлена!
   – Бабуля! Я прывяду і пакармлю.
   У пярэдняй Марына падвяла да сваёй шафачкі. Мы пачалі апранацца. Не было адной шкарпэткі. Я абшукаў усё, абмацаў рукавы і кішэні паліто, абмацаў чаравікі – няма!
   На нагу без шкарпэткі чаравік лёгка абуўся. А другую нагу мо цэлую гадзіну абувалі.
   Апраналі паліто – бант развязаўся. Не стаў завязваць, зусім адарваў. Схаваў у кішэню...
   Ух!.. Нарэшце мы дома.
   Распрануў, разуваю. Што такое? На правай назе дзве шкарпэткі?
   – А я невінаватая, яны абедзве правыя.
   Засталося толькі адно: пакарміць.
   Каб не ганяцца з лыжкаю за ёю па кватэры, я пасадзіў Марыну на падаконнік. Будзем глядзець, з якімі парасонамі ходзяць, і карміцца.
   – Сіні... Чырвоны... Чорны... – пералічвала Марына.
   Лыжку з маннаю кашаю згледзела ўжо каля самага рота. Круць! На шчацэ намалявалася белая паласа, а вуха манка замуравала роўна з берагамі.
   – Ой, вуха зварыцца! Што, я так і буду з вараным вухам жыць?
   На шчаку і на вуха пайшлі дзве папяровыя сурвэткі. Ну, гэта дробязь. Усё... Парадак... Можна даваць другую лыжку.
   Марына не каўтае, трымае кашу за шчакою. Падношу трэцюю лыжку...
   – Што ты мяўкаеш, як кошка? Разяўляй рот.
   – Я не клот... У мяне ляма хласта. І влухі – во, блачыш дзе? А ў катлоў зверлху...
   Пакуль гаварыла, кашы ў роце крыху паменела.
   Забылася пра лыжку Марына... Я – чацвёртую! Пад нос! Н-на! Укінуў ёй і пятую.
   – Чхры!!! – чхнула Марына.
   Каша заляпіла шыбу ў акне, падаконнік, Марыніны панчохі, чорны паліраваны стол і мне вочы.
   Схапіўся за вочы, а конаўку з кашаю – на акно.
   Здаецца, міма паставіў...
   Разлепліваю абедзвюма рукамі левае вока. Мамачкі! Разлепліваю правае – і ад страху зноў заплюшчваю. Конаўка пад тэлевізарам, а на падлозе наляпана дуга з кашы.
   Намацаў Марыну, здымаю на падлогу.
   – Што ты мяне паставіў у кашу?
   – Дык ты ж глядзі! Я не бачу куды... Вядзі ў ванны пакой, пойдзем мыцца.
   Марына ўзяла мяне за руку.
   – Холадна... Цёпла... Горача... Пячэцца!!!
   Позна! Левая нага мая стала ў кашу, прыклеілася.
   – Я ж кажу – пячэцца, а ты ступаеш!
   – Дык што, падымацца і ляцець?
   – Ой, навучы і мяне лятаць! – Марына пусціла маю руку. – Во так: мах, мах!
   Я замахаў рукамі, нібы хацеў зрабіць Марыніна «мах, мах!», і абсунуўся на падлогу на штосьці мяккае і мокрае...
   Цяпер ужо ўсё роўна. Мы былі з Марынаю з ног да галавы ў салодкай, смачнай, спажыўнай кашы.
   – Слухай, паглядзі ў конаўку, – голас мой здрадліва задрыжаў. – Няма там больш кашы?
   Марына пастукала конаўкаю па падлозе.
   – Ёсць трохі...
   Марына пачала выскрэбваць і з вялікаю ахвотаю карміць мяне з лыжачкі.
   Карміла і прыгаворвала:
   – Не спі за сталом! Не круці галавою, ты не конь!.. Не ляпай ротам – ты не свіння! Пастаўлю ў кут!
   У гэты час пачуўся званок у дзверы.
   Марына кінула мне на калені конаўку і неаблізаную лыжку, пабегла адчыняць.
   – Мамачка! А я тут Жэньку пакарміла! А зараз павяду памыю!
   Што было потым, калі мама разгледзела, якія мы і што робіцца ў кватэры, я расказваць не буду. Прыдумайце самі.
   Што ні прыдумаеце – усё будзе праўда.
(580 слоў)

(Паводле П. Місько)

 

Похожие статьи:

Павел МіськоПавел Місько - Эрпіды на планеце Зямля

Павел МіськоПавел Місько - Грот афаліны

Павел МіськоАпавяданні Паўла Місько

Павел МіськоПавел Місько - Навасёлы

Павел МіськоПавел Місько - Адарка і пацукі