Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Навошта ў хаце парог?

   Парог – месца ў хаце незвычайнае. З ім звязана мноства народных звычаяў, абрадаў, прыкмет.
   Парог лічыўся месцам, дзе жывуць душы продкаў, якія могуць уплываць на людзей, іх здароўе, заможнасць, узаемаадносіны з іншымі людзьмі. З гэтым вераваннем звязаны розныя звычаі, што дайшлі да нас з даўніны.
   Найбольш вядомы з іх – рытуальнае сядзенне перад парогам напярэдадні паездкі, падарожжа. Змест, логіка гэтага звычаю – звяртанне ў думках да душ продкаў з просьбай аб дапамозе ў дарозе ці падарожжы. Вось чаму абавязковым элементам звычаю «прысесці на дарожку» з’яўляецца рытуальнае маўчанне, якое абазначае сімвалічнае далучэнне да свету продкаў-нябожчыкаў. Менавіта ў гэтыя кароткія імгненні ўнутранай засяроджанасці і звяртання да памяці продкаў наладжвалася духоўная сувязь жывых людзей з продкамі – добрымі абаронцамі і дарадчыкамі.
   Вядома яшчэ адна прыкмета-забарона, якая не дазваляе вітацца праз парог, бо гэта можа прывесці да спрэчкі, непаразумення ці нават варожасці паміж людзьмі. У аснове такіх уяўленняў таксама ляжыць разуменне парога як месца знаходжання душ продкаў. Зразумела, што ў такім выпадку чалавек, які знаходзіцца на другім баку парога, успрымаецца душамі продкаў як магчымы непрыяцель, вораг.
   З такімі ўяўленнямі пра парог звязаны і вясельны звычай, згодна з якім малады ўносіць на руках у сваю хату жонку. Пераступаючы з ёю парог, ён тым самым сімвалічна аберагаў маладую ад магчымых адмоўных да яе адносін продкаў, якім яна магла не спадабацца як новы чалавек. Малады гэтым дзеяннем падкрэсліваў сваю еднасць з жонкай, прасіў сваіх продкаў адносіцца да яе гэтак жа, як і да яго.
   Існуюць і звязаныя з парогам прыкметы. Лічыцца, напрыклад, што чалавека, які ўваходзіць у хату, чакае непрыемнасць, калі ён спатыкнецца аб парог. Калі ж хто-небудзь спатыкаўся аб парог, выходзячы, – то быў знак, што гэты чалавек сюды хутка вернецца.
   А вось садзіцца або станавіцца на парог народная этыка не дазваляе. Асабліва асцерагаюцца гэтага хлопцы і дзяўчаты, інакш іх чакае адзінота. Забаранялася садзіцца на парог і цяжарным жанчынам, бо дзіця народзіцца з дрэннай памяццю.
   Вельмі часта выкарыстоўваўся парог як рытуальнае месца ў народнай медыцыне. Да «парогавай магіі» звярталіся дзяўчаты, каб закахаць у сябе любага хлопца. Значнасць парога ў жыцці людзей адлюстравалася ў шматлікіх прыказках і прымаўках...
(340 слоў)

Паводле У. Коваля

 

Похожие статьи:

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Парог

Анатоль ГрачанікаўАнатоль Грачанікаў - Бацькоўскі парог

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Парог