Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхасёвы пралескі

   Міхась старанна выцірае ногі, сцягвае з галавы шапку-вушанку і ўваходзіць у прапахлы лякарствамі бальнічны калідор. Ён хуценька скідвае кажушок, прыгладжвае рукой валасы і ідзе ў канец бальнічнага калідора. Тут, каля зашклёных да палавіны дзвярэй палаты, Міхась прыціскаецца носам да шыбы, а сэрца ў яго б’ецца, нібы злоўленая ў сіло птушка.
   – Мама... Мамачка... –усхвалявана шэпча хлопчык.
   І столькі любові, столькі пяшчоты ўкладвае ён у гэта простае, змалку знаёмае слова, столькі цяпла і светлай дзіцячай радасці.
   Цэлы тыдзень хлопчык бегаў штодзень у бальніцу, каб хоць праз шкло паглядзець на матулю.
   А тым часам надыходзіла вясна, набліжаўся сакавік. Міхась успомніў, як штогод Восьмага сакавіка ён з таткам прыносіў маці кветкі. Як радавалася яна гэтым першым вясновым краскам! Асабліва яна любіла пралескі. Таткі цяпер няма, і кветкі павінен прынесці ён, сын.
   Калі Міхась меў які-небудзь клопат, то заўсёды звяртаўся па дапамогу да дзеда Ягора. І не было яшчэ выпадку, каб стары паляўнічы не выручыў яго.
   Так і на гэты раз. Пачуўшы пра Міхасёў клопат, дзед Ягор надумаў пайсці з хлопчыкам па кветкі на цёплую крыніцу.
   Міхась ніколі яшчэ не бачыў, каб сярод снягоў біла з-пад зямлі такая цёплая вадзіца. Над крыніцай узнімалася пара, а па беражках зелянела травіца, жывая, вясёлая. Дзед Ягор назразаў ладных кавалкаў дзёрну, у якіх праглядвалі раслінкі ў срэбным пушку.
   – Прынясём іх у хату, – гаварыў дзед, – у цяпло, пачнём паліваць вадзіцай, і яны як бачыш пойдуць расці і зацвітуць.
   Непрыкметна міналі дні. І вось надышоў дзень, якога з такой нецярплівасцю чакаў Міхась. Мама ляжала ў ложку, калі раптам дзверы адчыніліся і ў палату ўвайшоў Міхась, несучы перад сабой букет сініх пралесак.
   – Міхасёк, сынок мой, адкуль у цябе гэты цуд?! – усклікнула маці. Яна беражліва ўзяла з рук Міхася кветкі і пяшчотна прытуліла да сваіх паружавелых ад радаснага хвалявання шчок.
   Усміхаючыся, Міхась расказаў маці, як яны з дзедам Ягорам хадзілі на цёплую крыніцу, а потым даглядалі гэтыя кветкі, каб падарыць ёй на свята.
   А шчаслівая маці пераводзіла позірк з кветак то на Міхася, то на дзеда Ягора.
(326 слоў)

Паводле Я. Бяганскай

Похожие статьи:

ПераказыДзеці сонца

ПераказыВодар дзядоўніку

ПераказыВасількі

ПераказыДзіўныя кветкі

Змітрок БядуляЗмітрок Бядуля - Плач пралескаў