Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Мірскі замак
Рэстаўрацыйныя работы ў Мірскім замку пачаліся ў 1983 годзе. Замак уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Праз дзесяць год пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ адбылося ўрачыстае адкрыццё замкавага комплексу "Мір".
Сёння комплекс Мірскага замка здзіўляе сваёй архітэктурай, гармоніяй, злітнасцю з прыродай, рацыяналізмам і прадуманасцю ўсіх абарончых збудаванняў. Усе пяць вежаў Мірскага замка стылістычна блізкія паміж сабой, адначасова кожная з іх мае сваё індывідуальнае архітэктурнае аблічча. Усе элементы замка звязваюцца ў цэласную архітэктурную кампазіцыю. Іх прыгажосць і велічнасць ствараюць завершаны вобраз збудавання, які не мае аналагаў на сумежных землях Прыбалтыкі, Польшчы і Расіі.
З усіх вежаў Мірскага замка галоўная – Брамная – па сваіх формах, пластыцы найбольш цікавая і яркая. Збудаванне ўзносіцца на дваццацісяміметровую вышыню, знаходзіцца на магутным, надзейным падмурку.
Асноўная зала ў Мірскім замку – зала Радзівілаў. Першы ўладальнік з роду Радзівілаў Мікалай Сіротка завяршыў будаўніцтва з узвядзеннем трохпавярховага палаца. У паўночным корпусе замка ў наш час размешчана пастаянная экспазіцыя музея, дзе прадстаўлена копія партрэта князя ў лаўровым вянку.
Род князёў Радзівілаў валодаў Мірскім замкам больш за дзве сотні гадоў. За гэты працяглы тэрмін замак перажыў перыяды росквіту і разбурэнняў. Галоўнай рэзідэнцыяй роду быў Нясвіж. Мірскі замак, які знаходзіўся паблізу, выкарыстоўваўся як месца правядзення прыёмаў, баляў і палявання. Нешматлікія прадстаўнікі роду жылі тут пастаянна.
Асаблівая зала – Рыцарская. Яна дае ўяўленне пра ўзбраенне шляхціцаў.
Вялікую цікавасць выклікае прадстаўленая ў экспазіцыі рэканструкцыя дзіцячых даспехаў. З самага дзяцінства хлопчыкаў прывучалі насіць абмундзіраванне, навучалі воінскаму майстэрству. Акрамя таго, ад будучага рыцара патрабавалі ведаць правілы прыдворнага этыкету, валодаць верхавой яздой, фехтаваннем, паляваннем, гульнёй у шашкі, складаннем і спевам вершаў у гонар дамы сэрца.
У ансамбль Мірскага замка ўваходзіць гасцёўня. Яе сцены ўпрыгожаны карцінамі, фотаздымкамі, дэманструюцца вазы, посуд, фарфоравыя статуэткі. Яны сведчаць аб заможнасці і гусце гаспадара. У гасцёўні збіраліся сваякі князя, якія жылі ў замку.
Гаспадары Мірскага замка шанавалі кнігі. У замку сабрана багатая бібліятэка і вялікая карцінная галерэя. Князі стараліся папоўніць хатнюю бібліятэку рэдкімі кніжнымі экзэмплярамі, энцыклапедыямі.
Па-рознаму складаўся лёс Мірскага замка на працягу пяцісотгадовай гісторыі. Шмат разоў трапляў ён у эпіцэнтр гістарычных падзей, не раз быў разрабаваны і разбураны. Аднак замак выстаяў і сёння захапляе сваіх гасцей прыгажосцю і веліччу.
У апошнія гады Мірскі замак стаў адным з улюбёных месцаў правядзення розных культурных акцый і фестываляў. Каля сцен Мірскага замка праводзяцца рыцарскія фестывалі, якія паклалі пачатак рыцарскаму фестывальнаму руху ў Беларусі. На гэтых урачыстасцях у гледачоў ёсць магчымасць не толькі назіраць за турнірамі з вежаў замка, але і пастраляць з лука, прымераць даспехі, паўдзельнічаць у паядынку з рыцарам, у воінскіх і народных гульнях, прагуляцца па горадзе майстроў.
У апошнія гады каля сцен старадаўняга замка кожнае лета праходзіць фестываль "Музычныя вечары ў Мірскім замку". Ён збірае велізарную колькасць людзей, якія жадаюць атрымаць асалоду ад добрай музыкі ля сцен сярэдневяковага помніка архітэктуры. У Партрэтнай зале арганізавана музычнае суправаджэнне экскурсій. Чароўная музыка таленавітых кампазітараў гучыць у выкананні салістаў Белдзяржфілармоніі, пераносіць у тыя часы, калі да Радзівілаў з’язджаліся госці на балі і піры.
Мірскі замак неаднаразова станавіўся месцам правядзення выстаў, тэматыка якіх непасрэдна звязана з гісторыяй замка, культурнай спадчынай Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. На выставах можна ўбачыць прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва мінулых стагоддзяў, партрэты ўладальнікаў замка, старадаўнія сукенкі і аксесуары.
(512 слоў)
Паводле I. Ложачкіна.
Похожие статьи:
Пераказы → Сцены Лоскага замка
Пераказы → Легенды Мірскага замка