Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мінскія фантаны

   Фантаны цудоўным чынам ператвараюць аблічча любога горада. Сваімі халоднымі струменямі яны ўдыхаюць у яго новую энергію, ажыўляюць архітэктуру. Каля фантанаў людзі прызначаюць сустрэчы, прыходзяць сюды адпачыць і проста палюбавацца на гэты цуд інжынернай думкі.
   Сёння ў Мінску больш за сто фантанаў, і з кожным годам іх колькасць расце. Фантаны становяцца больш магутнымі і надзвычай прыгожымі, ускладняюцца механізмы кіравання імі.
   Большасць мінскіх вадамётаў – так фантаны называлі раней – мае вялікі ўзрост. Самы стары са сталічных фантанаў – «Хлопчык з лебедзем» – быў адкрыты ў Аляксандраўскім скверы ў 1874 годзе. Яго з’яўленне звязана са здачай у эксплуатацыю першага гарадскога водаправода. У тыя часы не кожны губернскі горад мог дазволіць сабе мець такі фантан.
   Шмат водных кампазіцый было пабудавана ў сталіцы Беларусі ў шасцідзясятыя – сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя. Тады яны размяшчаліся на плошчы Свабоды, каля Палаца піянераў і школьнікаў (цяпер Рэспубліканскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі), у парку Горкага.
   У парку Янкі Купалы ў летнюю спёку дорыць прахалоду і свежасць фантан «Вянок» са скульптурнай групай дзяўчат, якія варожаць на Івана Купалу. У 1972 годзе гэты фантан быў перабудаваны да 90-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы. Кампазіцыя фантана перадае маляўнічую карціну: над басейнам круглай формы схіліліся бронзавыя фігуры дзяўчат, якія кідаюць у ваду вянкі.
   Штогод у сучасным Мінску афіцыйна адкрываецца сезон фантанаў. Папярэдне спецыялісты робяць касметычны рамонт вадамётаў, упарадкоўваюць іх, наладжваюць абсталяванне. Традыцыйна водная феерыя стартуе ў сталіцы на Свята працы. Напрыклад, фантаны на плошчы Незалежнасці і каля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета абуджаюцца пад урачыстыя гукі духавых аркестраў.
   Кожны фантан у Мінску асаблівы. Напрыклад, самым буйным лічыцца фантан каля тэатра оперы і балета. Каб запоўніць яго, патрэбна больш за трыста тысяч літраў вады. Нягледзячы на значныя габарыты, ён сама дасканаласць. Згодна з задумай архітэктараў, вертыкальныя струмені, узлятаючы ўгору, паўтараюць сілуэт будынка тэатра. Празрыстая вячэрняя падсветка надае воднай кампазіцыі бязважкасць.
   На плошчы перад Камароўскім рынкам знаходзіцца казачны фантан, што не раз прызнаваўся найлепшым у сталіцы. Ён зроблены ў выглядзе невялікай горкі, каля якой купаюцца дзве бронзавыя гусі.
   Варты захаплення фантан каля Палаца спорту. Ён здольны ствараць светлавое музычнае шоу і танцаваць у рытм мелодыі. Кіраванне ім вядзецца са спецыяльнага пункта і амаль цалкам падпарадкоўваецца камп’ютару.
   На Камсамольскім возеры запушчаны фантан на вадзе. Максімальная вышыня яго струменяў – дваццаць метраў. У хуткім часе на галоўнай алеі новага парку Перамогі размесцяцца два фантаны. Сустракаць наведвальнікаў будзе магутны фантан «Перамога». Яго цэнтр упрыгожыць скульптурная кампазіцыя з сімвалічнымі языкамі полымя. За ім з’явіцца «задумлівы» фантан «Вечнасць», вышыня струменяў якога дасягне трыццаці метраў. Увечары фантаны будуць асветлены спецыяльнай падсветкай.
   Яшчэ адзін відовішчны фантан-шырму пабудуюць каля Нацыянальнай бібліятэкі. Выглядаць ён будзе прыкладна так: над гладдзю ракі ўзнімецца паветрана-водны экран таўшчынёю ўсяго тры міліметры, на які з дапамогай лазера можна праецыраваць любы прадмет ці знак.
   Словам, з кожным годам сталічныя фантаны становяцца ўсё больш дасканалымі. I ў нас ёсць цудоўная магчымасць атрымаць асалоду ад іх хараства.
(465 слоў)

Паводле А. Максель.

Похожие статьи:

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - Сцэна ля фантана