Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Мінская ратуша
Быў некалі Мінск у ліку пятнаццаці наймацнейшых гарадоў магутнай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага. 15 ліпеня 1410 года Менская харугва – атрад менскіх воінаў – брала ўдзел у славутай Грунвальдскай бітве. Жылі ў Менску тады рыцары і чароўныя дамы, рамеснікі і купцы, манахі і лекары. I ў 1499 годзе па ўказе вялікага князя літоўскага Аляксандра горад Менск, як і іншыя вялікія гарады, атрымаў магдэбургскае права.
Гэта азначала, што кіраваў цяпер горадам не князь, а магістрат – гарадская рада на чале з войтам. У раду абіраліся самыя паважаныя людзі з ліку жыхароў горада. Атрымаў горад свой герб і сцяг. А каб Менск адпавядаў свайму новаму званню, трэба было пабудаваць ратушу – будынак, у якім будзе збірацца гарадская рада, а побач – гарадскія лаўкі ды іншыя неабходныя для горада ўстановы. Паўстала ратуша на прыгожым, высокім месцы – Саборнай плошчы (зараз плошча Свабоды), а рынак каля яе назвалі Верхнім, каб адрозніваць ад Ніжняга, што месціўся каля замка. Першая ратуша была драўлянай, і яе хутка знішчыў пажар. У наступных стагоддзях не адзін раз адбудоўвалі сімвал гарадской вольнасці. З часам, як пісаў маскоўскі ваявода свайму цару, стала ратуша вялікай і каменнай, з’явіліся на яе вежы гадзіннік і звон. Збіраўся там і суд, вырашаліся розныя важныя справы. А якія святы ладзіліся на пляцы ля ратушы! Цэхі гандляроў і рамеснікаў выходзілі кожны са сваім сцягам, у адпаведным сваёй гільдыі ўбранні, у яркіх накідках ды куртках, пад звон бубнаў. Тут можна было паглядзець, як вандроўныя артысты разыгрываюць сцэнкі пра цара Ірада, падзівіцца на штукарствы мядзведзяў – выхаванцаў знакамітай Смаргонскай мядзведжай акадэміі, пабачыць батлейку – беларускі лялечны тэатр.
А ў першай палове дзевятнаццатага стагоддзя, калі Мінск ужо быў горадам Расійскай імперыі і былой вольнасці прыйшоў канец, у старой ратушы змяшчаліся суд, гаўптвахта, паліцыя, архіў, музычная школа і нават тэатр. Па святочных днях на галерэі другога паверха іграў гарадскі аркестр. За час існавання ратушы горад палілі і руйнавалі і татары, і французы, і шведы. Здараліся голад і эпідэміі, ад якіх вымірала большасць насельніцтва. Але якія б няшчасці ні напаткалі мінчан, ратуша заўсёды нагадвала ім пра слаўнае мінулае горада. Ды не ўсім гэта падабалася. На зусім смешнай падставе – нібыта ратуша займае занадта многа месца на плошчы – у 1851 годзе быў выдадзены загад аб знішчэнні ратушы, на якім меўся ўласнаручны подпіс цара Мікалая I. Зразумела, што расійскія ўлады не жадалі, каб будынак і надалей нагадваў мінчанам пра даўно мінулы час, пра магдэбургскае права. Гараджане вельмі не хацелі выконваць гэты загад. На торг, дзе прадаваўся заказ на разбурэнне ратушы, ніхто не з’явіўся. Давялося ўладам звяртацца да вайскоўцаў, і хутка сімвал гарадской незалежнасці быў знесены.
У 2002 годзе быў пакладзены першы камень у падмурак Мінскай ратушы, якую вырашана было аднавіць. А сёння можна прыйсці на плошчу Свабоды і ўбачыць прыгожы белы будынак з гадзіннікам – ратушу Мінска, сталіцы незалежнай і суверэннай дзяржавы.
(450 слоў)
Паводле Л. Рублеўскай