Мікола Гусоўскі – наш славуты зямляк, прадстаўнік эпохі Адраджэння, сучаснік Францыска Скарыны. Пяру Гусоўскага належаць тры паэмы і больш за дзесяць вершаў. Але самы ўдалы твор, якому было суджана доўгае жыццё і вялікая слава, – гэта паэма «Песня пра зубра». Менавіта з твораў паэта і асабліва з паэмы «Песня пра зубра» ўзяты некаторыя звесткі пра яго жыццё і творчасць.
Для літаратуры Гусоўскага адкрыў Эразм Вітэліус – сакратар велікакняжацкай канцылярыі. Вітэліус добра ведаў Беларусь і высока цаніў таленавітых людзей. У адным з пасольскіх падарожжаў у Рым яго суправаджаў Мікола Гусоўскі. У Рыме Гусоўскі прысутнічаў на баі быкоў. Гэта відовішча навеяла яму малюнкі з дзяцінства – паляванне на зубра. Аповед пра паляванне здзівіў і захапіў слухачоў. Апякун мастацтва, паэзіі і палявання Папа Леў X Медзічы, жадаючы пачуць праўдзівае паэтычнае слова пра паляванне на зуброў, зрабіў літаратурны заказ. Такая прапанова для Гусоўскага была не толькі нечаканасцю, але і пахвалой яго таленту.
У тысяча пяцьсот дваццаць другім годзе далёка ад Радзімы, у Рыме, Мікола Гусоўскі стварыў шэдэўр славянскай культуры – «Песню пра зубра». Паэма напісана на лацінскай мове. У Вялікім Княстве Літоўскім на гэтай мове пісаліся шматлікія дзяржаўныя акты, выкладаліся навукі ў школах. Нельга было ўявіць адукаванага беларуса таго часу, які б не ведаў лацінскай мовы.
Паэт напісаў не толькі паэму пра зубрыныя ловы, але і ўзнёслую песню пра беларускую зямлю з яе багаццямі, пра людзей з іх думамі і пачуццямі, пра прыроду і жывёльны свет гэтага цудоўнага краю. Зубр – гэта сімвал роднага краю, сімвал яго магутнасці.
(240 слоў)
Паводле І. Саверчанкі, З. Санько
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → У Белавежскай пушчы
Пераказы, дыктанты → Крэпасць на мяжы
Пераказы, дыктанты → Гаспадар пушчы
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Каго баіцца зубр?
Пераказы, дыктанты → Зубрыная сцежка