Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мяшок белага наліву

   Мяшок быў поўны. Вася зайшоў у зямлянку, знайшоў іголку, нітку і зашыў яго. Такі ход прыдумаў ён сам, каб больш нікому не раздаваць яблыкаў. Ахвотнікі знойдуцца. Хай толькі дачуюцца.
   Назаўтра была нядзеля. Леспрамгасаўскі шафёр разам з вясковымі кабетамі, якія везлі тое-сёе на рынак, пасадзіў у кузаў Васеву маці і яго самога.
   – Што Іван піша? – спытаў ён пра бацьку.
   – Ваюе, два тыдні пісьма няма. Можа, дзе галаву злажыў, – маці заплакала.
   – У Польшчы бацька, – сказаў Вася. – У артылерыі. Паехалі на станцыю. Каб доўга не стаяць, маці наважылася прадаць яблыкі танна – два кілаграмы за рубель. Паспелі прадаць толькі адну невялікую кучку. На станцыі раптам спыніўся эшалон, і ў тую ж хвіліну з зялёных пасажырскіх вагонаў з завешанымі вокнамі пачалі выскокваць салдаты.
   Усе, хто выходзіў з вагонаў, былі параненыя. Хто нёс руку на марлевай перавязі, у каго была забінтавана галава, у некаторых салдат бінты праглядвалі з-пад расшпіленых каўняроў гімнасцёрак.
   – Колькі каштуюць яблыкі? – спытаў малады чарнявы салдат, у якога на галаве, паверх бінтоў, праступалі рудыя, крывавыя плямы.
   Маці маўчала.
   Між тым збіралася чарга. Падбягалі новыя параненыя.
   – А ў вас жа і такія ёсць, што хадзіць не могуць? раптам спытала маці.
   – Ёсць розныя.
   Матчын твар прасвятлеў.
   – То бярыце на здароўе. І тым, што ў вагоне, занясіце. Салдаты ўсё зразумелі. Смех, жарты раптам спыніліся. Бралі па два-тры яблыкі і маўкліва адыходзілі. Салдат было многа. Мяшок хутка апусцеў.
   Ужо на станцыі трэці раз прагучаў званок, як з вагона зноў выскачыў чарнявы салдат з забінтаванай галавой.
   – Ты ў які клас ходзіш? – спытаў ён у Васі.
   – У пяты.
   Вася сказаў амаль праўду. Да вайны ён скончыў толькі два класы, а цяпер пайшоў адразу ў чацвёрты. І хоць вучыўся мала, толькі два месяцы, настаўніца абяцала перавесці ў пяты клас.
   – Дык вось табе наш падарунак.
   Салдат даў хлопцу ў рукі тоўсты, з цвёрдай вокладкай сшытак.
   Вася зірнуў на маці, яе вочы неяк незвычайна свяціліся. Ён і сам быў рады, што не прадавалі гэтых яблыкаў.
(315 слоў)

 

Паводле І. Навуменкі