Быў самы ранак, час, калі пачынае сыходзіць з зямлі туман і з туману, паступова разгортваючы сваімі промнямі яго заслону, выходзіць сонца. Яно яшчэ не грэе. Цьмянае сонцава кола кружыцца за туманавай заслонай над балотамі і вільготнай мякаццю яго сцірае з сябе санлівасць. Туман радзее, а круг сонца ўсё чысцей, усё яскравей і рухавей. Пакуль сонца ў тумане, сабраная ў кроплі раса трымаецца на мураве, а колер муравы мутнавата-зялёны. Птушкі не спяваюць яшчэ, а як бы пераклікаюцца адна з другой пасля ночы. Як толькі ўзнімецца ўгору абмытае росамі сонца, а туман пачне адплываць за асмялеўшым ветрам на ўсход, як бы згаварыўшыся, разам пачнуць свой ранішні спеў птушкі, і густалісты асіннік і бярэзнік заварушацца, гойдаючы тонкімі верхавінамі, падстаўляючы гнуткія свае галіны пад лёгкія і ўчэпістыя птушыныя ногі. Варухнецца мурава пад ветрам і заіскрыцца расой. Залачонымі пырскамі будзе ўзлятаць з-пад ног раса, збітая з муравы, а прымятая нагамі мурава будзе павольна падымацца насустрач сонцу.
(154 слова)
Паводле П. Галавача.
Похожие статьи:
Пераказы → У асенні дзень
Сачыненні → Творчы шлях Платона Галавача