Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Музей валуноў

   Беларусы здаўна кланяліся і пакланяліся камяням. З далёкіх дахрысціянскіх часоў нашы продкі верылі ў іх цудадзейную сілу, шанавалі як сімвалы боскіх істот.
   Магутныя ледавікі яшчэ задоўга да з’яўлення першых пасяленцаў на беларускай зямлі пакінулі пасля сябе мноства вялізных і важкіх валуноў. Пакланіцца гэтым шурпатым скандынаўскім прышэльцам можна не толькі ў запаведна-святых месцах Беларусі, дзе захоўваюцца культавыя камяні, а і ў Музеі валуноў, які знаходзіцца пад адкрытым небам ледзь не на галоўным праспекце сталіцы. Гэты ўнікальны і ці не адзіны ў свеце музей створаны ў 1985 годзе пры Інстытуце геалагічных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
   Каля трох тысяч рэдкіх гістарычных памятак звезена сюды з усіх куткоў нашай зямлі. Збочыўшы з шумных гарадскіх вуліц на ціхі поплаў, што ля мікрараёна Уручча, можна рукамі пакратаць найстаражытнейшы музейны экспанат Беларусі – валун, якому больш за два мільярды гадоў.
   Выдатнымі помнікамі з’яўляюцца знакамітыя Барысавы камяні, што знаходзіліся ў рэчышчы Заходняй Дзвіны. У Аршанскім раёне доўга захоўваўся вядомы на ўсю Еўропу Рагвалодаў камень. Надпіс-маленне на ім зрабіў князь пасля галоднай зімы, спадзеючыся на будучы добры ўраджай.
   У Лепельскім павеце некалі ляжаў легендарны камень, на якім абедаў сам вялікі князь Вітаўт. Пра гэта сведчылі шэсць паглыбленняў на валуне, за што яго празвалі талеркамі Вітаўта. Там жа знаходзіўся яшчэ адзін помнік даўніны – Вітаўтавы відэльцы.
   Пра камяні народ склаў безліч паданняў, легенд, казак. Некалі, даўным-даўно, калі яшчэ Бог хадзіў па зямлі, на месцы возера Бяздоннае ў Слонімскім раёне была вёска. У яе і зайшоў Гасподзь у адзенні жабрака. Старац прасіў у людзей хоць кавалак хлеба. Ды людзі адварочваліся ад яго. Толькі адна кабета літасціва падала яму бохан. Бог параіў ёй сысці з вёскі, а па дарозе не азірацца. Але кабета не стрымалася. А калі азірнулася, убачыла на месцы вёскі вялізнае возера, абкружанае камянямі – былымі вяскоўцамі. Аднак і сама яна стала каменем у выглядзе жаночай постаці з доўгай касой.
   Паданні пра ператварэнні ў камяні жывуць сярод многіх народаў. А вось легенды аб камянях-краўцах і шаўцах бытуюць толькі ў беларусаў.
   Яшчэ не так даўно ў Талачынскім раёне ляжаў вялізны квадратны камень, які называлі Сцяпанам. На тым месцы даўней жыў рупны майстар-кравец. Ды нечым не дагадзіў ён нячыстай сіле, і тая ператварыла Сцяпана ў камень. Аднак і камень працягваў справу краўца. Дастаткова было вечарам пакласці на яго тканіну і папрасіць: "Сцяпан, пашый каптан", як досвіткам усё было гатова. Ды аднойчы нейкі неразумны жартаўнік задумаў выпрабаваць чароўную сілу каменя. "Сцяпан, – папрасіў ён, – зрабі мне ні тое ні сёе". Зайшоўся ад крыўды камень і перастаў з таго часу шыць.
   Многія камяні праз вякі хаваюць свае таямніцы, не хочуць адкрываць іх людзям. З вёскі Стайкі Лагойскага раёна прывезена ў музей некалькі валуноў з разнастайнымі неразгаданымі знакамі на іх. Гэтыя малюнкі пераклікаюцца з аналагічнымі знакамі ў наваколлі Ноўгарада, якія ў сваю чаргу нагадваюць наскальныя малюнкі ў Швецыі, зробленыя пяць тысячагоддзяў таму.
   Незвычайная музейная калекцыя – толькі маленечкая часцінка гэтых самавітых сведкаў і велічных помнікаў гісторыі. Праз усё сваё невымерна доўгае жыццё годна і немітусліва нясуць яны сваю адвечную вахту: спрыяць людзям і аберагаць іх ад злога. Бо гэтыя камяні – дзівосныя ахоўнікі спакою на Беларусі.
(498 слоў)

Паводле А. Бутэвіча.

Похожие статьи:

ПераказыАб чым маўчаць камяні

ПераказыЖывыя камяні

ПераказыСледавікі

Зялёны лісток на планеце ЗямляНашы камяні

Казімір КамейшаКазімір Камейша - Камень ля вёскі Камень