Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Музейная гара

Варыянт 1 (247 слоў)

   Самы высокі бераг Нёмана ў Гродне здаўна называюць Замкавай гарой. На гэтым старажытным узвышшы знаходзяцца два знакамітыя музеі – Стары і Новы замкі. Калі пайсці туды, трэба не спяшацца пераходзіць з адной залы ў другую, і тады перад вачыма адкрыецца дзівосны свет нашай багатай гісторыі.
   Стары замак калісьці быў і абарончай крэпасцю, і палацам, і рэзідэнцыяй вялікага князя Вітаўта, караля Стэфана Баторыя. Замак будаваўся і перабудоўваўся, быў драўляным і каменным. Цяпер тут размешчаны гісторыка-археалагічны музей, дзе захоўваюцца вельмі цікавыя экспанаты.
   У музейных залах можна ўбачыць прылады працы, якімі гродзенцы карысталіся восемсот гадоў назад: сярпы, нажы, нажніцы, іголкі. Тут сабрана больш за дзве тысячы экспанатаў даўнейшага абутку: чаравікі, туфлі са скуры, боты. Вабяць да сябе вырабы са шкла, з рагоў і костак: пацеркі, посуд, грабяні, упрыгожанні.
   Нельга адарваць вачэй ад гравюры тысяча пяцьсот семдзесят пятага года. На ёй намаляваны горад на высокім беразе ракі. Мастак адлюстраваў замкі і цэрквы, хаты і майстэрні рамеснікаў, старажытны мост і паўнаводны Нёман, конных і пешых гараджан. Трэба навучыцца ўзірацца ў дзень учарашні, каб больш цаніць і ведаць дзень сённяшні.
   У Новым замку нельга прапусціць цікавую залу са зброяй мінулых вякоў. Тут можна нават сфатаграфавацца з воінам у шлеме і рыцарскіх даспехах. Можна ўбачыць гармату, якую паднялі з дна Нёмана. У захапленне прыводзяць рэчы старажытных майстроў: камінны гадзіннік, прыгожая ваза з фарфору, чайніца, чарнільны прыбор, кубкі і талеркі.
   Правільна казалі нашы мудрыя продкі: «З рамяством дружыць – у жыцці не тужыць». Справа іх умелых рук жыве сёння, выхоўвае і натхняе нашых сучаснікаў.
 


 

Варыянт 2 (160 слоў)

   Самы высокі бераг Нёмана ў Гродне здаўна называюць Замкавай гарой. На гэтым старажытным узвышшы знаходзяцца два музеі – Стары і Новы замкі.
   Стары замак быў і абарончай крэпасцю, і палацам, і рэзідэнцыяй вялікага князя Вітаўта, караля Стэфана Баторыя. Замак будаваўся і перабудоўваўся, быў драўляным і каменным. Цяпер тут размешчаны гісторыка-археалагічны музей.
   У музейных залах можна ўбачыць прылады працы, якімі гарадзенцы карысталіся восемсот гадоў назад: сярпы, нажы, нажніцы, іголкі.
   Нельга адарваць вачэй ад гравюры тысяча пяцьсот семдзесят пятага года. На ёй намаляваны горад на высокім беразе ракі. Там замкі і цэрквы, хаты і майстэрні рамеснікаў, старажытны мост і паўнаводны Нёман. Трэба навучыцца ўзірацца ў дзень учарашні, каб больш цаніць дзень сённяшні.
   У Новым замку нельга прапусціць залу са зброяй мінулых вякоў. Тут можна нават сфатаграфавацца з воінам у рыцарскіх даспехах, убачыць гармату, якую паднялі з дна Нёмана.
   Правільна казалі нашы мудрыя продкі: «З рамяством дружыць – у жыцці не тужыць». Справа іх умелых рук жыве сёння, выхоўвае і натхняе нашых сучаснікаў.

Паводле У. Ліпскага

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыГальшанскі замак

Пераказы, дыктанты«Каб ты на Крэўскі замак валуны цягаў!»

Пераказы, дыктантыКраіна замкаў

Пераказы, дыктантыЛегенды Мірскага замка

Пераказы, дыктантыСцены Лоскага замка