Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мора Герадота

   Сёння яго не знойдзеш ні на адной карце Беларусі. Аднак гэтае міфічнае мора ад самай даўніны прыпісана да беларускай зямлі. Упершыню пра яго згадвае старажытнагрэчаскі вучоны Герадот, які жыў амаль дзве з паловай тысячы гадоў таму.
   Калісьці значная частка Пінскага Палесся была сапраўдным водным царствам. Стрыжнем гэтага вялізнага вадаёма, які і называўся тады морам Герадота, з’яўлялася рака Прыпяць.
   Сапраўды бязмежнымі былі багністыя палескія балоты, якія складалі басейн Чорнага мора. Палешукі знаходзілі ў пойме Прыпяці не толькі якары, але і цэлыя судны, невялікія караблі. Пра гэта сведчыць знаны гісторык, этнограф і археолаг Адам Кіркор. Падобныя звесткі, як і меркаванні іншых даследчыкаў, не адмаўляюць верагоднасці існавання ў Пінскай нізіне старажытнага мора даволі вялікіх памераў.
   Палеская нізіна, калі ўважліва і беражліва сабраць усе яе адметнасці, яшчэ і дагэтуль захоўвае шмат марскіх прымет. Гэта праяўляецца і ў своеасаблівым клімаце, і ў той рэдкай цеплалюбівай расліннасці, якая жыве толькі тут, і шмат у чым яшчэ, што ўласціва выключна гэтаму краю.
   Свой дагістарычны круты нораў захавала Прыпяць і да нашых дзён. У час разводдзя і моцных дажджоў яе разліў дасягае трыццаці кіламетраў і доўжыцца да чатырох месяцаў. Аднак палешукі, нашчадкі старажытных герадотавых плямёнаў, як сапраўдныя паморы, умела прыстасаваліся да гэтых умоў.
   Вялікая вада абуджае ў іх навыкі і звычкі сапраўдных марскіх ваўкоў. Не цураліся ж яны некалі рачных падарожжаў на мясцовых суднах. Палешукі вывозілі здабытыя ў багатых тутэйшых лясах дзёгаць, смалу, дошкі, іншыя лясныя багацці.
   Тысячагадовае змаганне з суровымі ўмовамі, натуральны лад жыцця загартавалі палешукоў, спрыялі таму, што гэтыя дзеці прыроды навучыліся жыць у суладдзі з ёю, вылучаліся моцным здароўем і дужасцю. Сярод іх было шмат доўгажыхароў, якія мелі па сто і больш гадоў. Як нідзе, на працягу многіх стагоддзяў тут захоўваліся і з пакалення ў пакаленне перадаваліся шматлікія прымхі і забабоны, непаўторныя казкі, легенды, язычніцкія традыцыі.
   У часы Герадота паселішчаў у пойме Прыпяці было зусім мала. Ляпіліся яны на пясчаных пагорках сярод балот. Цягам стагоддзяў палешукі былі адарваныя не толькі ад усяго свету, але і ад сваіх супляменнікаў. Лодка стала іхнім звыклым транспартам, лес – іхнім надзейным жытлом, вялікая вада вызначала лад іхняга існавання. I хоць праз вякі жылі яны "паміж пустак, балот", "на ўзбярэжжы ракі шумнацечнай", ды іхняе светапазнанне не было абмежаваным, не былі яны абяздоленымі жабракамі. Гадавалі скаціну, лавілі рыбу, палявалі, даставалі з борцяў мёд. Будавалі судны і сплаўлялі ў далёкія краі сваё тутэйшае дабро ў абмен на тое, чаго нельга было здабыць на сваіх балотах, у шматлікіх азёрах і рэках, старадаўніх пушчах. А яшчэ цнатліва аберагалі і перадавалі ў спадчыну сваю непаўторную мову, свае дзівосныя выслоўі, свае высокага кшталту маральныя запаветы і сваю непарушную паляшуцкую годнасць.
   Такія яны былі – герадотавы прашчуры беларусаў, дзеці вады і лесу, якім выпала плаваць па таямнічым старажытным моры Герадота. Такімі яны і засталіся – самабытныя і здатныя палешукі, выштукаваныя і загартаваныя ракой і ветрам, сонцам і пушчай, працай і песняй.
   А пра старадаўнасць і ўнікальнасць гэтага краю сведчаць шматлікія сённяшнія запаведнікі, заказнікі, паркі, музеі, навукова-даследчыя станцыі, помнікі прыроды.
(481 слова)

Паводле А. Бутэвіча.

Похожие статьи:

Ніна МацяшНіна Мацяш - За соснамі – мора

ПераказыПартрэт сонца і мора

Эрнэст ХэмінгуэйЭрнэст Хэмінгуэй. Стары і мора

Віталь ВольскіВіталь Вольскі - Беларускае мора

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Мора