Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Маці
Няма нічога лепшага за раніцу ў матчынай хаце.
Яшчэ сон звівае павекі, іх цяжка разарваць, і галава яшчэ зусім не прачнулася, а ўжо радасць, што зноў дома, як быццам і не з’язджаў адсюль ніколі, радасць звароту ў самога сябе – ранейшага, малога, нейкага другога і разам з тым такога самага, як і цяпер, жыве ва ўсім целе. Прыемны боль у касцях і ва ўсіх мускулах пасля ўчарашняй дарогі, лёгкасць у галаве наводзяць на думкі пра вялікае, нечалавечае шчасце.
А маці ўжо даўно ўстала і асцярожна, каб не разбудзіць, тупае па хаце. Яна ўжо наабірала бульбы, перамыла яе і цяпер перакладае дровы ў печы. Нават і так, лежачы ў пасцелі з заплюшчанымі вачыма, можна бачыць, як яна паклала адно палена, трошкі воддаль другое, і ўжо на іх кідае астатнія, і яны лоўка, з глухім стукам лажацца адно на адно, упоперак тых двух першых. Адно паленца скацілася, і маці нагінаецца ў печ, дацягваецца рукой да яго, не чуючы, як лоб чыркануў аб дугу нізкага, задымленага чалесніка і як ад гэтай дугі на лбе, трошкі вышэй правага брыва, засінела яшчэ адно брыво, як сярпок затушаванага месяца. І гэты сярпок будзе цямнець, аж пакуль яны не сядуць за стол і пакуль ён не скажа зірнуць у люстэрка.
І матчыны словы, і ласка яе, і такі знаёмы дамашні пах зноў вярнулі Івану адчуванне радасці жыцця, радасці, што ён зноў дома і бачыць клопатную немітуслівую матчыну работу, і што яна ёсць, жывая – усё такая ж руплівая, ашчадная, з заціснутымі пад хустку валасамі.
І ён успомніў пра той страх, што часам накочвае на яго там, у Мінску, калі доўга няма ад яе пісем, і парадаваўся гэтаму страху, таму, што ён ёсць, што гоніць яго на вакзал, у цягнік, а пасля – гэтыя дзесяць кіламетраў, калі бяжыш усе хутчэй і хутчэй, баючыся, каб хаця з ёй усе было добра, і не верыш у сваю боязь. А потым на дварэ, пастукаўшы у шыбу, напружана чакаеш, калі пачуецца лёгкі шоргат і жывое варушэнне на печы, і з плячэй быццам гара зваліцца. Блісне святло – і вось ужо ён абнімае яе – цёплую ад печы, маленькую, бездапаможна зажмураную ад яркага святла, адчувае шурпатнасць яе разагрэтай сном мяккай шчакі і пакатасць вузкіх прыгорбленых плячэй...
...Супакоеная, радая, што прыехаў сын, яна думала пра сябе, пра Лявона, пра дзяцей, і ёй прыемна было думаць, бо гэтыя думкі адкрывалі ёй яе самую не такой, якой яна прывыкла сябе лічыць, – маленькай, слабой, а другой – моцнай, упэўненай, прыгожай. Усё жыццё ёй было некалі думаць пра сябе: маці заўсёды думаюць пра дзяцей, і толькі пасля, калі астанецца час, пра сябе. Такога часу ў яе ніколі не было. Іх у яе было пяцёра, калі Лявона не стала, – дзе тут быць другім думкам. І цяпер яна думала пра сябе, аддзеленую ад штодзённых дробязных клопатаў, якімі заўсёды поўна жыццё мнагадзетнай удавы.
Яна успомніла Лявона, які ён быў у тыя ваенныя гады і які астаўся назаўсёды, бачыла сябе самую побач з ім – таксама маладую і здаровую.
(480 слоў)
Паводле А. Кудраўца
Похожие статьи:
Янка Золак → Янка Золак - Ода маці