Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Марш-кідок

Варыянт 1 (282 словы)

   Курсант вышэйшага агульнавайсковага вучылішча Мікалай Саковіч прыехаў на пабыўку і адразу заспяшаўся ў школу, каб наведаць сваіх настаўнікаў, расказаць старшакласнікам пра сваё вучылішча. Можа, хто з хлопцаў захоча стаць афіцэрам.
   Сваю размову з шасцікласнікамі Мікалай пачаў так:
   – Я заўсёды быў упэўнены, што даб’юся свайго, калі будзе трэба. Але толькі ў арміі зразумеў, што шляхі не адкрываюцца перад тымі, хто не змагаецца з цяжкасцямі.
   Вы, безумоўна, ведаеце, што такое марш-кідок. Аднойчы пайшлі мы маршам. Ідзём па глыбокім снезе гадзіну, другую. Камандзір нашага ўзвода быў нястомны, ішоў, як і мы, у поўнай экіпіроўцы: процівагаз, зброя, рэчмяшок вагой кілаграмаў дзесяць.
   На прывале камандзір аб’явіў, што той, хто жадае, можа вярнуцца. Салдаты, якія не разлічвалі на свае сілы, выйшлі са строю. У гэтай невялікай шарэнзе аказаўся і я. Камандзір пастроіў нас і адправіў назад. Па твары яго цяжка было вызначыць, асуджае ён нас ці шкадуе.
   Становішча наша было больш выгадным: мы вярталіся, а нашым таварышам невядома колькі яшчэ давядзецца ісці наперад. Мы адчулі палёгку, бо вяртацца можна было ў павольным тэмпе. Навокал, здавалася, усё зіхацела, усміхалася. Але, шчыра кажучы, на душы ўсё ж было не зусім радасна. Мой сябар Валодзя, які разам са мною і школу скончыў, і ў вучылішча паступіў, стаміўшыся, не павярнуў назад, хоць фізічна быў слабейшым.
   Паступова стомленасць брала сваё, і пад вечар мы дайшлі, дакладней, дацягнуліся ў лагер. Якім жа было наша здзіўленне, калі мы ўбачылі сваіх таварышаў! Аказваецца, камандзір узвода павёў нас па крузе і, калі засталося ўсяго некалькі кіламетраў да вучылішча, прапанаваў вярнуцца назад. Гэтым маршам лейтэнант правяраў нашу сілу духу, настойлівасць.
   Мікалай замаўчаў, абвёў позіркам клас. Шасцікласнікі ўважліва глядзелі на яго.
   – Вось расказаў вам, і лягчэй на душы стала. Кажуць, каб прызнаць свае памылкі, трэба таксама мець мужнасць.

 


 

Варыянт 2 (464 словы)

   Віця Саковіч свяціўся шчасцем: ён ішоў у школу са старэйшым братам Мікалаем – курсантам Вышэйшага агульнавайсковага вучылішча. Брат прыехаў на пабыўку і адразу заспяшаўся ў школу, каб наведаць настаўнікаў, расказаць старшакласнікам пра сваё вучылішча. Можа, хто з хлопцаў захоча стаць афіцэрам.
   Малодшы брат папрасіў Мікалая расказаць шасцікласнікам пра сябе. Вельмі ўжо хацелася Віцю, каб сябры ўбачылі Колю ў ваеннай форме.
   Мікалай увайшоў у шосты клас, і Віцевы аднакласнікі адразу акружылі яго. З цікаўнасцю пачалі разглядаць ваенную форму, нашыўкі, значкі.
   Даведаўшыся, што Коля Васільеў безадказна ставіцца да вучобы, падводзіць клас, Мікалай звярнуўся да хлопца:
   – З узростам многае пачынаеш разумець інакш, асабліва ў арміі. Ведаеш, калі ў цябе ёсць сілы і здольнасці не падводзіць сваіх таварышаў, а ты іх свядома падводзіш, то ты проста здраднік!
   Цішыня ў класе стала напружанай. Мікалай загаварыў ужо мякчэй:
   – Я заўсёды быў упэўнены, што даб’юся свайго, калі будзе трэба. Але толькі ў арміі зразумеў, што шляхі не адкрываюцца перад тымі, хто не змагаецца з цяжкасцямі. Вы, безумоўна, ведаеце, што такое марш-кідок. Аднойчы пайшлі мы маршам. Ідзём па глыбокім снезе гадзіну, другую. Камандзір нашага ўзвода быў нястомны, ішоў, як і мы, у поўнай экіпіроўцы: процівагаз, зброя, рэчмяшок вагой кілаграмаў дзесяць.
   На прывале камандзір аб’явіў, што той, хто жадае, можа вярнуцца. Салдаты, якія не разлічвалі на свае сілы, выйшлі са строю. У гэтай невялікай шарэнзе аказаўся і я. Камандзір пастроіў нас і адправіўся назад. Па твары яго цяжка было вызначыць, асуджае ён нас ці шкадуе.
   Становішча наша было больш выгадным: мы вярталіся, а нашым таварышам невядома колькі яшчэ давядзецца ісці наперад. Мы адчулі палёгку, бо вяртацца можна было ў павольным тэмпе. Навокал, здавалася, усё зіхацела, усміхалася. Але, шчыра кажучы, на душы ўсё ж было не зусім радасна. Мой сябар Валодзя Пазнякоў, які разам са мною і школу скончыў, і ў вучылішча паступіў, стаміўшыся, не павярнуў назад, хоць фізічна быў слабейшым.
   Паступова ад радасці вяртання не засталося і следу. Мы адолелі ўжо вялікую адлегласць. Аўтамат муляў плячо, я спрабаваў песці яго то ў адной руцэ, то ў другой, то браў на рэмень, то на плячо. Усё навокал непрыкметна паблякла. Я перастаў любавацца зіхатлівымі елачкамі і радавацца прыгожаму зімоваму дню.
   Пад вечар мы дайшлі, дакладней, дацягнуліся. Якім жа было паша здзіўленне, калі мы ўбачылі сваіх таварышаў! Іх пачышчаная зброя стаяла ў пірамідах, шынялі былі акуратна запраўлены. Адны курсанты пісалі пісьмы, другія гулялі ў шахматы, чыталі – словам, кожны быў заняты справай. Да мяне, усміхаючыся, падбег Пазнякоў. Нягледзячы на страшэнную стому, я гарэў нецярпеннем высветліць, што здарылася. Калі даведаўся пра ўсё, дык абмяк зусім. Аказваецца, камандзір узвода павёў нас па крузе і, калі засталося ўсяго некалькі кіламетраў да вучылішча, прапанаваў вярнуцца назад. Гэтым маршам лейтэнант правяраў нашу сілу духу, настойлівасць.
   Мікалай замаўчаў, абвёў позіркам клас. Шасцікласнікі ўважліва глядзелі на яго.
   – Вось расказаў вам, і лягчэй на душы стала. Кажуць, каб прызнаць свае памылкі, трэба таксама мець мужнасць.

Паводле Э. Луканскага

 

Похожие статьи:

ПераказыСлаўны мой дзядуля

Пераказы«Апасіяната»

ПераказыБелы каменьчык

ПераказыШукаю гаспадара