Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Мара
Пасля таго, як прачытала ў раённай газеце пра адкрыццё школы маладога журналіста, Жэнька ездзіла ў рэдакцыю. Як яе там усё ўразіла! Яна ўпершыню пабачыла, як робіцца газета, упершыню сустрэла сапраўдных журналістаў. Потым перад юнакамі і дзяўчатамі, якія сабраліся ў рэдакцыі, выступаў вядомы ў раёне паэт. Саму Жэньку яго вершы літаральна прымусілі пісаць на роднай беларускай мове. Дзяўчына адчула, якой чысцінёй і асалодай вее ад кожнага радочка. Адчула, як звычайныя вясковыя словы, падабраныя паэтам, набываюць мілагучнасць, паэтычнасць, глыбінны сэнс.
Пра тое, што паслала сваю невялікую нататку пра школу ў раённую газету, дома дзяўчына прамаўчала. Нататку надрукавалі, праўда, вельмі пакрэслілі, пераставілі словы і сказы. Жэнька перачытала радкі, і ёй стала сорамна. Няўжо яна сама, калі б пасядзела як след, не змагла вось так проста і складна напісаць?
Але было і прыемна. І Жэнька вырашыла: яна будзе пісаць у газету і стане журналістам.
(141 слова)
Паводле В. Гапеева
Жэнька была ў роспачы: не было пра што пісаць! Гэтай вясной пасля таго, як прачытала ў раённай газеце пра адкрыццё школы маладога журналіста, яна ездзіла ў рэдакцыю. Яна ўпершыню пабачыла, як робіцца газета, упершыню сустрэлася з рэдактарам, сапраўднымі журналістамі. А потым перад юнакамі і дзяўчатамі выступаў добра вядомы ў раёне паэт, чые вершы некалі саму Жэньку літаральна вымусілі пісаць на роднай беларускай мове. Бо яна адчула, як звычайныя словы, расстаўленыя ўмелай рукой паэта, набываюць мілагучнасць, паэтычнасць, глыбінны сэнс.
Яна і сама пісала вершы. Адзін нават надрукавалі ў газеце «Раніца». Як чакала гэтай публікацыі Жэнька! Маці не паверыла адразу, што гэта яе Жэнька напісала, перапытвала некалькі разоў. Потым, як «Раніца» прыходзіла, маці сама гартала газету, шукала імя дачкі. Хоць Жэнька ёй і сказала, каб не шукала, нічога яна больш у «Раніцу» не пасылала. Але пра тое, што напісала невялікую нататку пра школу ў раённую газету, прамаўчала. А нататку надрукавалі. Праўда, вельмі ж пакрэслілі, пераставілі словы і сказы. Жэнька чытала свае і не свае радкі, параўноўвала з тым, як напісана было напачатку, і ёй стала сорамна. Хіба яна сама, калі б пасядзела як след, не змагла вось так напісаць – проста, ясна і складна?
Але было і прыемна. І хоць маці цяпер нешта асабліва не радавалася гэтай нататцы, як тым вершам, ды Жэнька вырашыла: будзе пісаць у газету нататкі. І стане журналістам.
(220 слоў)
Паводле В. Гапеева